БАЖ, прэс-клуб і асацыяцыя "Аб’яднаныя масмедыя" патрабуюць спыніць ціск на СМІ

Поделиться

Беларуская асацыяцыя журналістыў, прэс-клуб і асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб’яднаныя масмедыя" апублікавалі сумесную заяву, у якой заклікалі спыніць ціск на прэсу.

Падчас выбараў і ў поствыбарны перыяд улады Беларусі рэзка ўзмацнілі ціск на СМІ, журналістаў і блогераў. У выніку ўмовы іх працы з "цяжкіх" змяніліся да "катастрафічных". Калі да прызначэння выбараў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ад пачатку года па 8 мая зафіксавала 23 парушэнні правоў журналістаў, то з 9 мая па 12 кастрычніка — больш за 400.

Абсалютная большасць гэтых парушэнняў адбылася пасля прэзідэнцкіх выбараў. Толькі затрыманняў журналістаў у гэты перыяд зафіксавана больш за 230. Больш за 50 разоў у дачыненні журналістаў ужываўся фізічны гвалт пры затрыманні. Фіксаваліся факты катаванняў пасля затрымання, пашкоджанне ці вынятак тэхнікі, многіх журналістаў утрымлівалі пад вартай, каралі адміністрацыйным арыштам ці штрафам. Трое журналістак былі параненыя гумовымі кулямі. Ніводны з гэтых фактаў не прывёў да распачынання крымінальных спраў у дачыненні асоб, вінаватых у парушэнні правоў журналістаў.

Сярод іншых парушэнняў свабоды выказвання меркавання ў звязку з выбарчай кампаніяй можна назваць блакаванне ў Беларусі інтэрнэта ў першыя дні пасля выбараў і яго пастаянныя абмежаванні падчас масавых акцый пратэсту. А таксама абмежаванні доступу да сайтаў, якія асвятлялі палітычную сітуацыю ў краіне, негалосную забарону на друк і распаўсюд некалькіх нацыянальных друкаваных выданняў, афіцыйныя папярэджанні Міністэрствам інфармацыі на адрас шматлікіх медыя, адмовы Міністэрства замежных спраў у разглядзе заявак на акрэдытацыю замежным карэспандэнтам, беспадстаўнае пазбаўленне пастаяннай акрэдытацыі і ўзмацненне жорсткасці атрымання новай акрэдытацыі для журналістаў замежных СМІ.

Асаблівую трывогу выклікае крымінальная справа ў дачыненні галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча і пазбаўленне інфармацыйнага партала ТUТ.BY статусу СМІ.

З улікам выкладзенага ПАТРАБУЕМ:

  • Расследаваць усе выпадкі парушэння правоў журналістаў, уключаючы катаванні, ужыванне гвалту, адвольныя затрыманні, пашкоджанне і вынятак тэхнікі, а вінаватых у іх парушэнні прыцягнуць да адказнасці.
  • Адмовіцца ад практыкі адвольных затрыманняў журналістаў падчас выканання імі прафесійных абавязкаў.
  • Вызваліць блогераў, якія былі прызнаны палітычнымі зняволеннымі.
  • Вярнуць інфармацыйнаму парталу TUT.BY статус СМІ.
  • Спыніць крымінальны пераслед галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча.
  • Спыніць практыку адмовы ў друку і распаўсюдзе праз дзяржаўныя сеткі друкаваных СМІ.
  • Спыніць практыку блакавання інтэрнэта.
  • Адмовіцца ад пазасудовага і неправавога блакавання навінавых анлайн-рэсурсаў, аднавіць доступ да заблакаваных анлайн-рэсурсаў.
  • Спыніць практыку перашкод у працы журналістаў замежных СМІ, а таксама журналістаў-фрылансераў.

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: