Гаёўка, Цыцоха і Хатні Цмок: праграміст шыкоўна малюе беларускіх нячысцікаў і выкладвае ў Instagram

Поделиться

Напярэдадні Хэлоўэну мы вырашылi нагадаць, што ў Беларусі ёсць свае нячысцікі і пачвары. Ды не менш загадкавыя ды жудасныя, чым у іншых міфалогіях. Артур Басак, мастак-самавук, праграміст і UI інжынер, натхняецца беларускiм фальклорам ды народнай дэманалогіяй i стварае вобразы вядомых нячысцікаў з паданняў і міфаў. Яго малюнкi можна пабачыць у Instagram акаунце @belarusian_monsters.

Marketing.by звязаўся з мастаком і распытаў, адкуль у яго цікавасць да беларускай міфалогіі і як ствараюцца вобразы тагасветных iстот.

318_oooo.plus.png

- Першапачаткова цікавасць была не да беларускіх нячысцікаў, а увогуле да ўсяго казачага і фэнтэзійнага. Усе мы ў дзяцінстве любім казкі, у кагосьці гэта застаецца, у кагосьці не. У кагосьці трансфармуецца ў любоў да дарослага фэнтэзі – Толкіена, Гары Потэра і г.д. Так і ў мяне. Я люблю фантастыку і фэнтазі. У дзяцінстве гуляў на камп’ютары у Варкрафт і Д’ябла. І, напэўна, гэта ўсё сфарміравала густ і зацікаўленасць.

Зараз у свеце вялікі трэнд на скандынаўскую міфалогію. Нават серыя гульняў God of War пачыналася з грэчаскай міфалогіі, а зараз па-троху скацілася у скандынаўскую. Калі гэта бачыш, то міжвольна пачынаеш цікавіцца і сваім. Вось і я падумаў: чаму б не зрабіць з нашых беларускіх не вельмі папулярных міфалагічных істот нешта такое фэнтэзійнае і адпаведнае часу – каб яно выглядала сучасна.

- Калі пачалі ствараць галерэю нячысцікаў?

- Я мастак-самувук. Хоць у дзяцінстве і хадзіў у мастацкую школу, але не скончыў яе. Проста для сябе нешта часам маляваў на паперы, але заўсёды тэматыка для малюнкаў была нейкая фэнтэзійная.

І так здарылася, што гэтай вясной я патрапі у шпіталь. Там не было чаго рабіць, а на маім смартфоне ёсць стылус. І я паспрабаваў маляваць прама на тэлефоне.

screenshot-www.instagram.com-2021.10.28-13_14_36_cr.jpg

Выклаў малюнкі ў свой асабісты акаунт у Інстаграме, але камусьці з сяброў гэта цікава, а камусьці не. Таму завёў асобны акаунт і пачаў туды посціць малюнкі. Убачыў, што людзям цікава, запусціў некалькі прома-акцый, каб больш аўдыторыі ўбачыла, і вось яно так і працягваецца.

- Як выбіраеце, хто будзе наступным персанажам?

- Калі пачаў гэтым займацца, то пазнаёміўся з рознымі людзьмі, якія таксама цікавяцца тэмай. Напрыклад, Яўгеній Кот стварыў беларускі бестыярый, і нават выпусціў тэматычны каляндар.

belbest-calendar-a3q-wog1-preview.jpg

Ёсць некалькі кніг пра беларускую міфалогію, самая знакамітая і правераная з якіх – “Зямная дарога ў вырай” Уладзіміра Васілевіча. Вось з гэтых крыніц і збіраю сабе спіс пачвар з нашага рэгіёну, а таксама дадаю нейкія лакальныя гісторыі - Чорную Панну Нясвіжа, Гальшанскага прывіда і г.д.

Першапачаткова я ставіў мэту намаляваць сто нячысцікаў, але зараз я разумею, што іх будзе нашмат больш. На бліжэйшы час у мяне ёсць спіс з 15-20 вобразаў. Скончу гэтыя – потым сфармірую наступны спіс. І канца пакуль не бачна.

- Наколькі дасканала вы вывучаеце інфармацыю пра нячысціка? Ці з большага малюеце так, як падказвае фантазія?

- Па рознаму бывае. У адным выпадку чытаю апісанні і гляджу, як істоту малявалі іншыя мастакі. І застаюся ў рамках гэтага патэрну, але малюю у сваім стылі.

А часам у апісанні сказана, напрыклад, пра вялікае пуза, і мне гэта не падабаецца - я бачу нячысціка па іншаму. І тады малюю зусім не так, як яго апісваў фалькларыст-акадэмік.

А ёсць нячысцікі, якія ніяк знешне не апісаныя. Вядома толькі пра яго функцыі: кусае, крадзе, цягне ў багну і г.д. І тут ужо прастор для фантазіі вялікі – як сабе ўявіў, так яго і намаляваў.

- Колькі па часе займае стварэнне малюнка?

- Паколькі я малюю на смартфоне, то фармат малюнкаў маленькі. І гэта мне падабаецца, бо на вялікія праекты заўсёды няма часу. А на тэлефоне можна ўсё зрабіць вельмі хутка: калі ёсць рэферэнсы – то за адзін вечар магу і намаляваць, і напісаць апісанне на трох мовах, а на наступны дзень выкласці.

А калі малюнак сам выдумваеш з нуля – то ўжо трошкі даўжэй.

- Які з вобразаў вам падабаецца больш за ўсё?

- Мне ўсё падабаецца. Калі нешта атрымліваецца няўдала, то я проста не публікую ў Інстаграм. Самыя першыя малюнкі я ўжо выдаліў з Інстаграму і замяніў на новыя.

Напэўна, зараз самай удалай лічу Гаёўку – яна стаіць на аватарцы.

screenshot-www.instagram.com-2021.10.28-12_34_13.png

Да гэтага мне вельмі падабаўся Вужыны Кароль - і таму ён таксама стаяў на аватарцы.

screenshot-www.instagram.com-2021.10.28-12_35_59.png

- Як беларусы рэагуюць на вашыя малюнкі?

- Цмокаў і вампіраў ўсе ведаюць, а вось калі выкладаеш якую-небудзь Цыцоху, то гэта людзям цікава. Бо Цыцоха не толькі малавядомая, але і цікавая як персанаж. Такіх патэрнаў няма ў сучасных камп’ютарных гульнях і фільмах. Такія істоты маюць больш рэпостаў, лайкаў і каментаў.

screenshot-www.instagram.com-2021.10.28-12_37_20.png

Ці вось была публікацыя пра цмока, які не злы, а добры і дапамагае гаспадару ў хаце. Гэта таксама людзей зацікавіла, бо нашы цмокі паводзяць сябе трохі па іншаму, чым у міфалогіі нашых суседзяў.

screenshot-www.instagram.com-2021.10.28-12_38_59.png

- Як плануеце далей развіваць тэму нячысцікаў?

- Гэта маё хобі і творчасць, а не тое, што можа пераўтварыцца у працу 24/7. Я сябе ніколі не адчуваў сябе нейкім блогерам і манетызацыя інстаграму не была і зараз не з’яўляецца мэтай.

Адзінае, што я планую паспрабаваць выпусціць арт-бук, як робяць многія папулярныя ілюстратары: якасную кніжку з малюнкамі і апісаннямі. І распаўсюдзіць яго сярод падпісчыкаў. Зараз вось купляю у кнігарнях розныя арт-букі, гляджу, як яны зроблены, як аздоблены – карацей, прыглядаюся.

20211027_132651.jpg

20211027_132719.jpg

Падпісчыкі перыядычна пытаюцца, як можна купіць мае малюнкі. Але я малюю на тэлефоне, і таму якасць малюнкаў невялікая. Па-сутнасці, любы можа ўзяць з Інстаграма малюнак і сам яго надрукаваць і павесіць у хаце.

Можа быць, калі набярэцца дастаткова ахвотных купіць такія малюнкі, тады я можа і паспрабую іх неяк аформіць у рамкі. Але ж каб займацца продажам малюнкаў, то трэба ісці ў падатковую, усё афармляць. І займацца гэтым мае сэнс толькі тады, калі ёсць вялікая цікавасць у людзей.

219148734_309247610930111_6317259141348384428_n.jpg

Мяне сёлета паклікалі як рамесніка на фестываль “Шлях цмока” у Бярэзінскім запаведніку, я зрабіў некалькі карцін у рамках, завёз туды і спрабаваў прадаць па 20 рублёў. Але ніводны чалавек нічога не набыў.

Розныя людзі шмат робяць для Беларусі – хтосьці мову развівае, хтосьці яшчэ што. Я вырашыў троху паразвіваць беларускую міфалогію. І калі праз пару гадоў з міфалогіі вырасце беларускае фэнтэзі, з’явяцца кнігі, камп’ютарны гульні, фільмы, настолкі на гэтую тэму - і я і мае малюнкі будуць каталізатарам для ўсяго гэтага - то мне будзе вельмі прыемна.

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: