57 тысяч гледачоў «Беларускіх уікэндаў»: як у velcom атрымалася падтрымаць кіно на беларускай мове

22 Февраля 2019 2750 0 Компании Нестандарт
Поделиться

 «Беларускія ўікэнды» – праект, у якім вядомыя акцёры і дзеячы шоў-бізнесу агучваюць па-беларуску хіты і навінкі сусветнага кінематографа, каб гледачы маглі ўбачыць іх у найлепшых кінатэатрах Мінска і іншых гарадоў Беларусі. Праект cтвораны ў 2016 годзе кампаніяй «Кінаконг», а з 2017 года пераклад, агучку, дыстрыбуцыю фільмаў каманда выконвае пры падтрымцы партнёра – velcom. Кампанія таксама забяспечвае суправаджальныя актыўнасці ў рамках маштабнай PR-кампаніі. За два з невялікім гады жыцця праекта фільмы «Беларускіх уікэндаў» паглядзела каля 57 тысяч гледачоў. Пракат кіно на беларускай мове ахапіў больш за 60 кінатэатраў у 40 гарадах краіны.



У 2018 годзе фільмы праекта былі ў пракаце ў 20 гарадах, а ў агучцы карцін прынялі ўдзел больш за 20 прафесійных акцёраў тэатра і кіно. Усяго за мінулы сезон «Беларускія ўікэнды» паказалі на вялікіх экранах 10 фільмаў, кожны з якіх быў падтрыманы прыкметнай PR-актыўнасцю. 


Дэвід Боўі па-беларуску на даху velcom

Адмыслова да прэм’еры фільма «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» каманда праекта выпусціла кліп на беларускую версію спева Дэвіда Боўі Space Oddity. У запісе саўндтрэка на беларускай мове ўзялі ўдзел басіст гурта ЛСП Пётр Клюеў і зорка YouTube, маладая спявачка Валерыя Яскевіч. Здымкі кліпа праходзілі на даху офіса кампаніі velcom, над відэаролікам працавала творчая група вядомага беларускага рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. Відэакліп запампавалі на YouTube-канал Валерыі Яскевіч, пасля чаго разаслалі яго па СМІ і суполкам у сацсетках. Агульна ролік набраў каля мільёна праглядаў на YouTube і ў сацсетках, стаў аднім з самых запамінальных беларускіх кавераў года. 


Рэкорд па колькасці рыбак-арыгамі пры падтрымцы Пасольства Японіі

Прэм’ерны паказ анімацыйнага фільма Хаяо Міядзакі «Рыбка Поньё» запомніўся гледачам удзелам ва ўстаноўцы рэкорду па зборы папяровых рыбак-арыгамі. Напачатку фільма для гасцей прайшоў экспрэс-майстар-клас ад майстра арыгамі, пасля чаго перад гледачамі паставілі задачу цягам трох хвілін злажыць як мага больш папяровых рыбак. Аб’яднаўшы высілкі, 506 гледачоў сабралі 560 рыбак і ўпісалі праект «Беларускія ўікэнды» ў Кнігу рэкордаў краін СНД і Балтыі «Дзіва». Запрошаны на паказ пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Хірокі Такануга падзякаваў гледачам за ініцыятыву і зрабіў свой унёсак у рэкорд. Пасля афіцыйнай дакументацыі ў Кнізе рэкордаў рыбкі былі сабраныя і накіраваныя ў падарунак выхаванцам Дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 


Прэм’ера фільма «Мой сябар Жырафа» ў Віцебску і размалёўкі з героямі фільма 

Беларуская прэм’ера добрага і смешнага нідэрландскага фільма для ўсёй сям’і «Мой сябар Жырафа» стала беспрэцэдэнтнай: фільм упершыню з’явіўся на экранах краіны менавіта на беларускай мове, а прэм’ера стужкі адбылася не ў Мінску, а ў Віцебску – культурнай сталіцы Беларусі. Для яшчэ больш захапляючага знаёмства з персанажамі новага фільма на ўсіх паказах і ў Мінску, і ў Віцебску дзеці атрымалі забаўныя размалёўкі са сцэнамі з фільма. Прэм’ерны паказ у  Мінску падтрымаў пасол Каралеўства Нідэрланды Паўл Ван Ооствэйн. Па выніках мінскага кінапракату ў верасні фільм «Мой сябар Жырафа» ўвайшоў у топ-5 самых наведвальных фільмаў ўікэнда з 30 жніўня па 2 верасня. 


Прэм’ера фільма «Вогненыя калясніцы» пры ўдзеле Фіёны Гіб

Прэм'ера аскараноснага фільма «Вогненыя калясніцы» прайшла пры ўдзеле пасла Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёны Гіб. Некаторыя эпізоды здымалі на марскім узбярэжжы ў Шатландыі, у горадзе Сэнт-Эндрус – там знаходзіцца вядомы каледж, дзе вучылася і сама Фіёна Гіб. Там жа была знята і вядомая сцэна бегу. На паказе пасол падзялілася ўспамінамі пра тое, як у студэнцтве яны з сябрамі так жа, як і героі фільма, бегалі па знакамітым пляжы. Дзякуючы Фіёне Гіб і яе аповедам пра юнацтва звычайны кінасеанс стаў натхняльным і запамінальным. 

Фиона-650x (1).jpg

Супрацоўніцтва з праектам «Імёны» і дапамога цэнтру «Сірын»

Паказ мультфільма Уэса Андэрсана «Неверагодны містар Фокс» у беларускай агучцы стаў для «Беларускіх уікэндаў» юбілейным: з улікам яго наведвальнікаў колькасць гледачоў праекта дасягнула 50 тысяч. Каманда праекта вырашыла адзначыць асаблівую лічбу і ў партнёрстве з праектам «Імёны» аказаць падтрымку Цэнтру дапамогі дзікім жывёлам і птушкам «Сірын», адной з нядаўніх падахоўных якога была ліса. Усе грошы з прэм’ернага паказу фільма пра ліса-авантурыста былі пералічаны на патрэбы Цэнтра.  


Інтэрактыўнае глядацкае галасаванне на паказе «Адзін дома»

У рамках прэм’ернага паказу навагодняга фільма «Адзін дома» арганізатары прапанавалі гледачам адказаць на некалькі пытанняў пра праект «Беларускія ўікэнды». Спецыяльнае апытанне з нагоды заканчэння кінасезона-2018 было распрацавана на анлайн-платформе, якая адлюстроўвала дынаміку галасавання проста на экране кінатэатра. Анкета ўключала ў сябе пытанні пра любімыя жанры і самыя любімыя фільмы праекта. Тры фільмы, якія набралі больш за ўсё галасоў, – «Форэст Гамп», «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» і «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» – ужо ў найбліжэйшы ўікэнд пакажуць на вялікім экране. Пасля сеанса аналагічнае апытанне было даступна ўсім ахвотным па спасылцы на Google-форму.   


Тэматычная вечарына ў стылі чорна-белага кіно

Спецыяльная вечарына для СМІ і блогераў з падвядзеннем вынікаў бягучага сезона «Беларускіх уікэндаў» была рэалізавана ў стылі нямога чорна-белага кіно, нібыта ўвасабляючы легенду: спачатку кіно было чорна-белым, потым стала каляровым і з агучкай, але менавіта дзякуючы «Беларускім уікэндам» сусветна вядомыя хіты кіно зайгралі новымі колерамі на роднай мове. Для паўнавартаснай рэалізацыі канцэпцыі гасцям прапанавалі падтрымаць чорна-белы дрэс-код, паўдзельнічаць у размалёўванні талерак – сімвала паспяховых здымак – і паспрабаваць сваю моц у агучцы кіно на захапляльным майстар-класе ад прафесійных акцёраў. Цягам мерапрыемства таксама адбылася эксклюзіўная прэм’ера чорна-белага кароткаметражнага фільма «Пацвярджэнне» (ЗША) на беларускай мове. 


Спецыяльныя паказы з выкарыстаннем асаблівасцей фільмаў 

Адзін з самых запамінальных фарматаў работы «Беларускіх уікэндаў» са СМІ і аўдыторыяй – арганізацыя спецыяльных перадпаказаў. Напрыклад, спецыяльны прэс-паказ фільма «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» прайшоў у сядзібе графа Чапскага ў Лошыцкім парку – прыгожым старым маёнтку, атмасфера якога нібыта ўзнаўляе падзеі стужкі. Карціну «Падымаецца вецер» вядомага японскага мультыплікатара Хаяо Міядзакі бясплатна паказалі ў адным з самых знакамітых культурных кропак горада – «Галерэі Ў». Другі паказ постапакаліптычнага фільма «Кніга Ілая» стаў часткай сустрэчы з фізікам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міра Кенетам Брокманам, які правёў лекцыю на тэму небяспекі ядзернай энергіі, падзяліўся ўражаннямі ад фільма і адказаў на пытанні гледачоў. 


Работа са СМІ

У рамках PR-кампаніі праект «Беларускія ўікэнды» ўжо не адзін год супрацоўнічае з найбуйнейшымі медыя краіны. Адным з вектараў работы ў 2018 годзе стала стварэнне ў партнёрстве з TUT.by і Onliner.by серый матэрыялаў з цікавымі гісторыямі і фактамі пра фільмы праекта. Разам з TUT.by быў распрацаваны дайджэст пра фільм «Вогненыя калясніцы». У працы з Onliner.by быў абраны відэафармат – разам з гэтым СМІ каманда праекта ў рубрыцы «Кінаблог Onliner» падрыхтавала цыкл відэааглядаў на фільмы «Каляднага марафона» –  «Цвёрды арэшак», «Гэта цудоўнае жыццё» і «Адзін дома», якія выйшлі напярэдадні паказаў кожнага з фільмаў. 

Супрацоўніцтва з KYKY.org было вырашана ажыццявіць у фармаце тэста – адной з самых забаўляльных і інтэрактыўных рубрык часопіса. Для падтрымкі фільма «Адзін дома» быў створаны тэст «Колькі вы пратрымаецеся з рабаўнікамі адзін дома?»

Сярэдні ахоп матэрыялаў на TUT.by – 10 700 , на Onliner.by – 9000. Тэст на KYKY.org сабраў 6 500 праглядаў. Найбольш эфектыўным у прасоўванні фільмаў паказаў сябе фармат сторытэлінгу, які забяспечыў дадатковую зацікаўленасць гледачоў у «Беларускіх уікэндах». 

Падтрымка ў сацыяльных сетках

Усе паказы «Беларускіх уікэндаў» прасоўваліся і ў суполках velcom у сацыяльных сетках. Публікацыі набралі больш за 500 000 ахопу, а кліп у падтрымку фільма «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» атрымаў самы вялікі ахоп сярод усіх публікацый velcom у Facebook за 2018 год. 


Сёння сторыз сталі трэндам: яны даступныя амаль ва ўсіх сацыяльных сетках. Напрыклад, у Instagram 3 з 5 актыўных карыстальнікаў штодзённа праглядаюць сторыз, а частка амаль што адмовілася ад прагляду традыцыйнай стужкі. Таму невыпадкова, што прыцягнуць увагу падпісчыкаў да паказаў дапамагалі і сторыз. Дзякуючы цэламу шэрагу незвычайных актыўнасцей атрымалася прыцягнуць увагу падпісчыкаў да «Каляднага марафону». Карыстальнікі Instagram і «УКантакце» маглі паўдзельнічаць у віктарыне па фільме «Цвёрды арэшак», натхніцца  святочным настроем герояў «Гэтага цудоўнага жыцця», а таксама атрымаць пазітыўны гараскоп з урыўкаў фільма «Адзін дома».


«У 2018 годзе мы зрабілі акцэнт на выкарыстанні розных сродкаў, напрыклад, зладзілі спецыяльныя матэрыялы ў СМІ, правялі дабрачынную акцыю, зрабілі некалькі тэматычных івентаў, якія прыцягнулі ўвагу як аўдыторыі, так і СМІ – у якасці прыкладаў такіх актыўнасцей можна прывесці здымкі кліпа на беларускую версію песні Space Oddity і спецыяльны бясплатны паказ фільма «Падымаецца вецер». Для стварэння цікавай інфанагоды пры прасоўванні фільма мы аналізавалі карціну і стараліся знайсці ў ёй асаблівасць, якую можна было б выкарыстаць у камунікацыі. Напрыклад, у выпадку з фільмам «Рыбка Поньё», мы вырашылі ўвасабіць галоўную ідэю фільма з дапамогай нацыянальнага мастацтва Японіі – арыгамі, якое не вельмі папулярна ў Беларусі. Акцыя па ўстаноўцы рэкорда па колькасці рыбак-арыгамі зрабіла вельмі станоўчае ўражанне на пастаянных гледачоў праекта і прыцягнула ўвагу новай аўдыторыі, якая натхнілася самой ідэяй. Найбольш эфектыўнымі інструментамі прасоўвання ў 2018 годзе сталі ў роўнай ступені спецыяльныя мерапрыемствы і праекты са СМІ – яны паказалі сябе як запатрабаваныя і актуальныя формы камунікацыі з аўдыторыяй,  якія дапамаглі «Беларускім уікэндам» папасць у трэнд і рытм сучаснага жыцця, а таксама ў паўтара разы павялічыць колькасць гледачоў у параўнанні з 2017 годам – у 2018 годзе гледачамі праекта сталі 31 700 чалавек», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў. 

Вынікі «Беларускіх уікэндаў»

  • У 2018 годзе выйшла 940 публікацый з узгадваннем праекта ў СМІ і сацсетках.  
  • Колькасць гледачоў у 2018 годзе – 31 700. Агульная колькасць гледачоў за два гады – 57 тысяч. 
  • За апошні год паказы прайшлі ў больш чым 20 гарадах Беларусі. Агульная колькасць сеансаў у 2018 годзе – больш за 300. 
  • У рамках праекта быў устаноўлены рэкорд і прайшла дабрачынная акцыя.  
  • Праект «Беларускія ўікэнды» даказаў сваю ўнікальнасць і значнаць для культурнага поля Беларусі. Замежнае кіно на беларускай мове стала неад’емнай часткай рэпертуару сталічных кінатэатраў. 

Каманда праекта

Кампанія velcom: Мікалай Брэдзелеў, Вячаслаў Смірноў, Ірына Карэліна, Віктар Пазнякоў, Кацярына Севасцьянчук;

Кампанія «Кінаконг»: Андрэй Кім, Надзея Кім, Віталь Любянчук, Інга Ісмайлава, Зміцер Бейнарт-Саладуха;

Камунікацыйнае агенцтва ARS Communications: Вольга Путрык, Павел Астапенка, Аліна Бурая, Вераніка Французава, Вольга Шэлегава, Паліна Бучаль;

getbob digital Agency: Андрэй Багач, Віталія Кукобнікава, Анастасія Атрашкова, Кацярына Кулакова, Вольга Паўлава.  



Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: