Платформа для пошуку аднадумцаў Talaka шукае незвычайнага чалавека - камунікатара-евангеліста. Прафесіянала, які не баіцца няпростых задачаў і будзе:
- Рыхтаваць і рэалізоўваць стратэгію па працы з аўдыторыяй. Каб аб Talaka даведаліся ўсе, а не толькі твае сябры ў фэйсбуку.
- Весці старонкі ў сац.сетках і email-рассылку. Каб было круцей, чым у Мегаплана і Главреда.
- Рэалізоўваць спец.праекты і мерапрыемствы. Каб Talaka расла у два разы кожныя паўгады.
- Прыцягваць новыя праекты на платформу. Каб самыя лепшыя праекты былі ў нас (вядома, ружовы трэш пакінем іншым).
- Кансультаваць гэтыя праекты, каб большасць з іх дасягала выбітных вынікаў.
- І рыхтаваць Талаку да экспансіі ў рэгіёны і ў іншыя краіны.
Прыемныя умовы:
- Заробак 1200 - 2100 новых рублёў па выніках сумоўя
- Поўны працоўны дзень. Поўнае паглыбленне
- Гнуткі графік працы. Гэта не значыць кароткі дзень
- Выпрабавальны тэрмін 3 месяцы. Калі шчыра, мы вельмі патрабавальныя
- Праца ў шчыльным узаемадзеянні з заснавальнікам платформы. Няма нічога прыемней зладжанай працы каманды
- Першы праект, над якім трэба будзе працаваць - Talaka.Паці. Будзе няпроста
- Трэба расці хутчэй, чым расце сама Talaka. Бо можна застацца ў мінулым
- Будзеш малайцом, будзе свой iMac
- Радаваць Яўгена дасягненнямі і вынікамі. Відаць, гэта самы важны пункт
Нельга проста так узяць і патрапіць на сумоўе:
- Дашлі сваё рэзюмэ ў вольнай форме на praca@talaka.by
- Далучы да імэйла апісанне рэалізаваных табою праектаў па схеме: якая задача стаяла; што было зроблена; вынікі ў лічбах; што не атрымалася; што непасрэдна было зроблена табою ў гэтым праекце, калі былі і іншыя выканаўцы праекта)
- Калі ты не ўспрымеш усур’ёз пункт вышэй, то будзь упэўнены, твой ліст будзе ў карзіне, а душа, па ўсёй верагоднасці, у пекле
Некаторыя ўдакладненні, якія дадуць зразумець, што ўсё сур’ёзна:
- Так, мы шмат хочам. Калі ты жадаеш развівацца як вузкапрофільны спецыяліст, ідзі ў карпарацыю, там такіх любяць. Мы шукаем чалавека, які разумее як працуе камунікацыя і гатовы комплексна ёю кіраваць.
- Мы шукаем чалавека, які гатовы паставіцца да нашай супольнай справы як партнёр, а не як наняты выканаўца. Гэта не проста пафасныя словы, памятай пра выпрабаваўчы тэрмін.
- Мы хочам знайсці чалавека, які больш вопытны і здольны, чым мы самі (таму, нажаль, выпускнікоў і навічкоў мы разглядаць не гатовыя). Але павер, ацэньваць добра зробленую працу мы ўмеем.
- Мы шукаем чалавека з гнуткім розумам і гатовым спрабаваць новае. Talaka - гэта незвычайная для Беларусі арганізацыя. Усё раскажам і пакажам.
- У нас шмат працы для цябе. Мы любім тое, што робім, і ўкладваем шмат намаганняў у нашую справу. І чакаем не меньшай самаадансці і ад цябе. Яшчэ раз падкрэслім, каб не было сюрпрызам, - вельмі шмат працы.
Патрабаванні (“А іх нехта чытае?” - “Давай у канец паставім”):
- Разуменне прынцыпаў PR, маркетынгу, SMM, працы са CМІ
- Сістэмнае і аналітычнае мысленне
- Здольнасць працаваць на вынік (і вымяраць яго)
- Стрэсаўстойлівасць пры вялікай колькасці задач
- Вопыт працы ў сферы камунікацыі 3-5 гадоў
- Вопыт працы ў камерцыйных праектах (івэнцінг і прасоўванне)
- Актыўнае карыстанне сац. сеткамі
- Здольнасць выступаць публічна
- Здольнасць пісаць эфектыўныя тэксты
- Прыемнасць і лёгкасць у зносінах
- Шчырая любоў да зносінаў з людзьмі
- Жаданне жыць, працаваць у Беларусі і развіваць яе
- Вольнае валоданне беларускай і расейскай мовамі
Будзе плюсам:
- Шырокае кола знаёмстваў у PR, рэкламнай, бізнэс і НДА сферах
- Вопыт працы ў некамерцыйных праектах і валанторства
- Вопыт продажу сваіх ці чужых праектаў
- Вопыт вядзення перамоваў
- Валоданне ангельскай мовай