Яшчэ ніводны беларускі бізнес не падтрымаў нас жывымі грашыма. Як ствараецца і расце фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне”

Поделиться

Пачынаючыся з уласнай ініцыятывы прадзюсаркі Волі Чайкоўскай, кінафестываль Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” вырас у два разы і стаў мерапрыемствам топавага лэвелу. Marketing.by сустрэўся з дырэктаркай фестывалю і пагутарыў пра тое, як арганізаваць наведвальны кінафестываль у беларускіх рэаліях, наколькі істотны ў яго арганізацыі якасны прадакшн і чаму так цяжка атрымаць падтрымку ад беларускіх бізнэсменаў.


Воля Чайкоўская, прадзюсарка, дырэктарка і заснавальніца фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” 

Я нарэшце адчула павелічэнне маштабаў фестывалю. І гэты размах мяне вельмі цешыць. Я пачынала з паказу 7 стужак, а зараз лічба павялічылася да 18 фільмаў. З кожным годам узмацняецца адчуванне, што мы расцем. “Паўночнае ззянне” – мерапрыемства топавага лэвэлу, але адначасова не снобскае і з адмысловай канцэпцыяй.

Так, гэта нешта большае, чым прыйсці і проста паглядзець кіно. Уся праграма звязана паміж сабой асобнай ідэяй і мэсаджам. Кожны год ён розны. Акрамя гэтага, я імкнуся працягваць місію, якую я вызначыла сама для сябе  — прасоўваць дакументальнае кіно ў Беларусі. Хоць і існуе меркаванне, што такое кіно не карыстаецца попытам, але як паказваюць зборы "Паўночнага ззяння", гэта не так. Людзі хочуць глядзець такое кіно і з ахвотай наведваюць. Галоўнае —  якасна пра гэтае кіно распавесці.


У гэтым годзе "Паўночнае ззянне" аб'яднала ў сабе 8 індустрыйных івэнтаў: канцэртаў, лекцый, майстар-класаў. Мы прывезлі 15 міжнародных гасцей і правялі 18 кінапаказаў, на некаторых з іх была такая добрая наведвальнасць, што для трох мы зрабілі нават дадатковыя кінапрагляды.



Я сама прыдумляю сцэнары для ўсіх суправаджаючых мерапрыемстваў

Арганізацыя фестывалю  —  гэта вельмі складаная праца. Неабходнасць на працягу тыдня знаходзіцца ў віры людзей і ўвесь час вырашаць пытанні і праблемы —  высмоктвае ўсе сілы. Да таго ж я сама прыдумляю сцэнары для ўсіх суправаджаючых мерапрыемстваў, мадэрую іх і прэзентую стужкі.


На дадзены момант са мной у камандзе стала працуе 8 чалавек. Пачынала я адна, пасля ў камандзе было 3 чалавекі і вось зараз нас амаль дзясятак. Пры гэтым я не лічу ў штаце перакладчыкаў субтытраў ці людзей, якія адказвалі за тэхпадтрымку. Асобная каманда — валанцёры, якіх сёлета было каля 20 чалавек.

Беларускія бізнесы неахвотна падтрымліваюць ініцыятывы жывымі грашыма



Падрыхтоўка да новага фестывалю пачынаецца адразу пасля сканчэння бягучага. Гэта бесперапынны працэс. Напрацягу ўсяго года я адсочваю і гляджу кінанавінкі балтыйскага рэгіёнаў, а таксама сачу за тым, што адбываецца ў свеце дакументальнага кіно. Непасрэдная арганізацыйная праца па фестывалі пачынаецца прыкладна ў снежні-студзені. З гэтага моманту пачынацца праца па распрацоўцы key visuals фестывалю, набор каманды, даводзяцца да ладу канкрэтныя дамоўленасці з партнёрамі, вядуцца перамовы з гасцямі аб прыездзе ў Мінск.


Самае цяжкае — пошук бюджэту.  Гэта тытанічная праца менавіта з беларускай рэчаіснасцю. Я распавядаю пра фестываль, пра вынікі году, рыхтую прэзентацыі ды лічбы. Я складаю пэўны спіс патэнцыйных партнераў, якім я пішу ці тэлефаную. Гэта вялікая колькасць кампаній і брэндаў.  З гэтым нельга зацягваць, таму што бюджэты на наступны год у кампаніях вярстаюцца восенню. 

Але яшчэ ніводны беларускі бізнес дагэтуль не падтрымаў нас жывымі грашыма. Беларускія бізнесы больш ахвотна прапаноўваюць in-kind або бартарнае супрацоўнітва. Ім лягчэй даць тое, што яны ўжо маюць (памяшканне, аўтамабіль, вустрыцы, абсталяванне і г.д.), чым зрабіць унёсак жывымі грашыма. 
Такая калабарацыя, безумоўна, таксама вельмі каштоўная. Але толькі на гэтым – кінафестываль, на жаль, ніяк не зрабіць. Наўрад ці нехта з праваўладальнікаў пагодзіцца абмяняць правы на фільм на нейкія рэчы ці прадукты. Таму для кінафестывалю і ўсіх каляфестывальных івэнтаў проста неабходныя жывыя грошы. 



Часткова мне ўдаецца іх знаходзіць праз замежныя фонды, амбасады ды замежныя прыватныя арганізацыі. Так, галоўным фундатарам кінафестывалю ад пачатку з’яўляецца Офіс Савета Міністраў Паўночных краін у Літве. А дакументальную праграму сёлета падтрымаў тэлекнала “Настоящее время». Сярод генеральных партнёраў таксама – Амбсада Нарвегіі ў Кіеве, Дацкі інстытут культуры ў Літве, Латвіі і Эстоніі, а таксама Кінавідэапракат Мінгарвыканкаму.
 
Baltic_party_18_ambassadors&team.jpg

У гэтым годзе былі добрыя бартарныя адносіны. Напрыклад, Афіцыйны дыстрыбутар Ford у Беларусі дапамог “Паўночнаму ззянню” з аўтамабілямі і палівам. Гатэль Double Tree by Hilton Minsk зрабіў зніжку на засяленне гасцей. Кавярня “Зерно” дапамагла з крос-прамоўшэнам і нават распрацавала адмысловы напой “Паўночнае ззянне” на аснове блакітнай тайскай гарбаты. Крама John Dory, пастаўшчыкі марскіх прадуктаў, прыйшлі на вечарынку адкрыцця кінафестывалю з пачкам свежых вустрыц, якія мы разыгралі сярод прысутных. Карацей, я часам жартую, што працую за ежу – дакладней за аўтамабілі, паліва і вустрыцы. 

Пакуль кінафестываль не акупае і чацвярціны выдаткаў на арганізацыю

Справа ў тым, што на жаль, кінафестываль, які праходзіць 7 дзён і паказвае да 20 фільмаў і майстар-класаў, не акупае не толькі паловы, але нават чацвярціны выдаткаў на арганізацыю.  
Таму на дадзеным этапе тое, што мы можам прапанаваць узамен фінансавай падтрымкі – кросс-прома, інтэграцыя прадукту ў фестываль, доступ да нашай аўдыторыі, якая, дарэчы, сёлета склала даволі вялікую лічбу. Агулам каля 3500 чалавек.

Большая частка выдаткаў кінафестывалю складаецца з: пакупкі правоў на фільмы, пераклад на беларускую ці рускую мовы, стварэнне субтытраў, дызайн. Кошт на правы можа быць любы, пачынаючы ад 200 еўра і да бясконцасці. Прывезці гасцей — таксама вельмі ня танна.

На кожны год свой стыль і слоган, які тлумачыць канцэпцыю фестывалю



Лагатып фестывалю мы зрабілі яшчэ 4 года назад разам з дызайнерам Алесем Бельскім, калі ўсё пачыналі. Нягледзячы на тое, што фестываль на той момант як нешта штогадовае не планаваўся, я ўсё адно паставіла перад сабой задачу зрабіць брэнд, хай нават і аднаразовы, але які б праз лагатып і стыль адлюстроўваў ідэю паўночнага ззяння. Ен павінен быў быць лаканічным, вельмі мінімалістычным па колерах. Гэта мае асабістыя прыфірэнцыі ў візуальным сэнсе. У выніку і атрымаліся гэтыя промні-хвалі. Памятаю, як абмяркоўвалі якой шырыні павінны быць гэтыя хвалі.

Што датычыцца стылю і колеру, то на дадзены момант для кожнага года ён свой у адпаведнасці з тэмай фестывалю. 







На кожны год мы прыдумляем таксама свой слоган. Былі, напрыклад: "Прыгажосць штодзённага", "Сусвет унутры", "Змяні вугал зроку" — кожны з іх прадугледжвае сваю канцэпцыю, якая тлумачыць агульную тэматыку фільмаў. Гэта канцэпцыя падтрымліваецца ўсім візуалам. Над ім мы працуем вельмі шчыльна.


Тры гады таму я вырашыла, што трэба рабіць фестывальныя атмасферныя відэа, якія дэманструюцца перад паказам, а таксама анонс фестывалю, які ідзе на працягу месяца да пачатку “Паўночнага ззяння” у 10 кінатэатрах Мінска перад паказам. Атмасферны ролік спрацоўвае і пагружае людзей у нашую атмасферу. Усё гэта мы падмацоўваем музыкай, якую для адмыслова піша мультыінструменталіст і лідар арт-суполкі “Синие горы" Дзяніс Кудраўцаў.


Увогуле, я вельмі задаволеная маштабам прадакшну, які атрымаўся ў гэтым годзе. Такое робяць рэкламныя агенцыі пры наяўнасці добрых бюджэтаў, а мы зрабілі гэта самі. Гэты кірунак мы будзем развіваць і надалей.

Рэклама фестывалю — аб'ядноўвае ўсе візуалы ў адзіны фокус успрымання



"Змяні вугал зроку" —  супер магутны мэсэдж, які ахоплівае ўсё: ад палітыкі да пытанняў гендарная роўнасці і жаночай ідэнтычнасці. Год таму я б не змагла зрабіць фестываль з такой канцэпцыяй, бо ўнутрана не адчувала ў гэтым такой моцнай зацікаўленасці. Але на працягу года адбыліся такія падзеі ў маім жыцці, якія сапраўды прымусілі мяне змяніць вугал зроку на многія аспекты. І такі слоган проста сам прасіўся стаць канцэпцыяй “Паўночнага ззяння”. А першапачаткова мы наогул прыдумалі яго з відэамастаком і рэжысёрам “Паўночнага ззяння” Антонам Мехам, але абсалютна для іншых мэтаў. А потым апынулася, што менавіта такі слоган ідэальна кладзецца ў канцэпцыю 2018 года.


Мы вельмі шчыльна падышлі да распрацоўкі ды распаўсюду рэкламы. Яна была на прыпынках, ва ўсіх кінатэатрах сеткі Кінавідэапракату, ва ўніверсітэтах, на буклетах у 40 кропках, на фасадзе кінатэатру “Мір”, гэта я не кажу пра Facebook, Instagram, Vkontakte, гэта само сабой.


Рэклама ў дадзеным выпадку, працуе на пазнавальнасць, гэта па-першае прыгожа, а па другое — аб'ядноўвае ўсе візуалы ў адзіны фокус успрымання, дзе кожная з ініцыятыў і відаў рэкламы дапаўняе адзін аднаго і мае свой пасыл. Напрыклад, твары фестывалю, мы ўзялі нездарма, тут цэлая канцэпцыя. Мы даволі доўга думалі, як жа можна візуальна падтрымаць канцэпцыю “Змяні вугал зроку” і ніяк не маглі прыдумаць. А потым пасля чарговага брэйнстормінгу я прыйшла дадому і падумала, што ўсё, што трэба, каб змяніць вугал зроку – гэта проста перакуліць выяву. Так з’явілася ідэя. На гэтым простым класным прыёме мы і распрацавалі далей усю візуальную канцэпцыю. Было відавочна, што не патрэбна мудрагеліць, што ўсё павінна быць проста. 

Заставалася ўсяго толькі прыдумаць, якія ж выявы мы перакульваем. У выніку мы прыйшлі да таго, што патрэбна некалькі чалавек, якія будуць прадстаўляць гендарную, узроставую і нацыянальную разнастайнасць і якіх мы бязлітасна перакулім дагары нагамі. Імі сталі: дырэктарка кінатэатра «Мір» Таццяна Іванаўна Карнялюк, першы сакратар Амбасады Швецыі ў Беларусі Магнус Сэтэрберг, студэнт тэхналагічнага ўніверсітэта Улад Лук’янчук і я. 

У атмасферным відэа мы знялі тых жа людзей і выкарысталі тыя ж прыёмы, а таксама прыём з люстэркам. Так як менавіта люстэрка дазваляе нам змяняць вуглы зроку. Акрамя таго, каманда Hutkasmachnaa studio разам з камандай кінафестывалю «Паўночнае ззянне» развесілі па Мінску каля 20 люстэрак у розных кропках з надпісам “Змяні вугал зроку”.

Калі ты ведаеш, як рабіць класна – проста бярэш і робіш

Фестываль навучыў мяне неверагоднай веры ў свае магчымасці. Трэба давяраць сабе і свайму густу і не слухаць людзей, якія спрабуюць нейкім чынам запалохаць ці скінуць на цябе свой негатыў. Калі гаворка пра мой праект ці праекты – я адзіная, хто ведае, як зрабіць гэтыя праекты класна. Самы галоўны ўрок гэтага года для мяне – давяраць сабе і адначасова ставіцца да сябе крытычна і іранічна, і не прыслухоўвацца да чужых страхаў. Галоўнае — толькі тваё стаўленне. А людзі, якія падтрымаюць і дапамогуць, знойдуць цябе і прыйдуць у самы нечаканы момант. Гучыць гэта ўсё, безумоўна, вельмі банальна. Але гэта чыстая праўда.

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: