Рэклямная акцыя па-беларуску

24 Июля 2009 Польскае радыё 1540 0 BTL
Поделиться

Як паведаміў «Менскі кур'ер», аб'ёмы рэалізацыі айчынных тавараў у гандлёвай сетцы Менска за апошнія час павялічыліся. Паводле дадзеных упраўленьня спажывецкага рынку, удзельная вага тавараў беларускай вытворчасьці у агульным аб'ёме продажаў склала за студзень-люты 2009 году 65,2%. У мінулыя гады павелічэньне рэалізацыі нехарчовых тавараў у асноўным забясьпечвалася за кошт імпарту. А летась доля замежнай прадукцыі пачала заўважна зьніжацца. Меры па імпартазамяшчэньні надта цешаць беларускіх вытворцаў.

Тым часам на паседжаньнях Менгарвыканкаму, як інфармуе «Менскі кур'ер», пастаянна праводзяцца нарады, на якіх абмяркоўваюцца меры, як заахвоціць пакупнікоў, каб яны аддалі перавагу менавіта беларускаму тавару. Аднымі заклікамі «Купляйце беларускае» тут не дапаможаш. Але з рэклямных акцыяў атрымліваецца адно толькі скандал, пра адзін зь якіх расказаў нам звычайны пакупнік Алег Маркевіч.

Алег Маркевіч, пакупнік: Як патрыёт і грамадзянін РБ я вырашыў падтрымаць нашу прамысловасьць. Купіў дарагія лядоўню й пральку «Атлант». Аказалася, што трапіў на акцыю, дзе за кожны куплены прадмет нележаў дыскавы электрачайнік у якасьці ўзнагароды. Гэткія акцыі робяць на ўсім сьвеце. Заплаціўшы грошы, я зразумеў, што так проста чайнікі мне не дадуць. Сказалі, што атрымаць можна толькі ў двух месцах Менску й толькі па суботах. Я прыехаў з загарадняга дому ў суботу і ўбачыў аграмадную чаргу, якая складалася зь людзей, што павяліся на акцыю й захацелі атрымаць гэты падарунак. Але калі я прыстроіўся ў чаргу, дык мне сказалі, што лепш не займаць, бо чайніка ня хопіць. Пацікавіўся чаму. Мне кажуць, што звычайна прывозяць нейкую колькасьць скрынак з чайнікамі і, калі тыя заканчваюцца, праста едуць назад. Прывозілі няшмат. Апроч таго, трэба было прадаставіць дакумэнты. Пашпарт, пасьведчаньне асобы... Пры пакупцы лядоўні ніхто пашпартам не цікавіўся. Я плаціў гатоўкаю, нават даражэй, чым у інтэрнэт-краме можна было купіць «Арыстоны» або «Індэзіты». На такі падарунак можна й пакрыўдзіцца. Я пайшоў у канцтавары, купіў вучнёўскі сшытак і пачаў у чаргі зьбіраць подпісы пад калектыўнай скарагаю. Колькі над намі будуць здзекавацца?! Калі ня ўмеюць арганізаваць акцыю, дык няхай вызваляць месца тым, хто ўмее зрабіць гэта так, як у Польшчы, на Ўкраіне, у Расеі.

Начальнік упраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што з пачатку чацьвёртага кварталу прагназуецца ўстойлівы рост продажаў беларускіх тавараў. Але дзеля гэтага кіраўнікі гандлёвых прадпрыемстваў павінныя, між іншым, выкарыстоўваць сучасныя формы арганізацыі гандлю. А на ўзбраеньні сучаснага беларускага маркетынгу засталіся старыя савецкія мэтады — доўгія чаргі і «Усім ня хопіць!»

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: