Пачалася кампанія ў падтрымку новага выдання кнігі Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”

12 Марта 2018 3163 0 Креатив Нестандарт
Поделиться

12 сакавіка пачалася кампанія ў падтрымку новага выдання кнігі выбітнага мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”. Гэта захапляльнае падарожжа ў Беларусь праз гісторыю і сучаснасць колераў.

Дызайнерскі альбом “Колер Беларусі” стаў апошняй вялікай працай Міхала Анемпадыстава. Ён спалучае ў сабе візуальную і літаратурна-даследчую частку, ствараючы эфект поўнага пагружэння ў колеравы свет Беларусі.  


Чаму ў беларускай традыцыйнай культуры амаль няма апісанняў зімовых краявідаў і снегу? Як звязаны чырвоны колер з развіццём тэхналогій? Што яднае шэры і зялёны? Чаму «красным» у Беларусі называлі зялёны колер? І ўрэшце — якім ёсць колер Беларусі? Адказы на гэтыя пытанні - не проста забаўныя цікавосткі, гэта падставы для прафесійнай працы. Для архітэктараў, дызайнераў, мастакоў і краязнаўцаў гэта новая веда. Яна дае магчымасць уключаць сваю працу ў гістарычны кантэкст, прастору культуры і мясцовы ланшафт, чаго сёння так моцна бракуе ў стварэнні гарманічнага асяроддзя. Але гэты альбом не толькі для прафесіяналаў, ён дае новы погляд на нашую паўсядзённаяць і ўпадабанні, на саміх сябе і сваю культуру. 

Кніга стала завяршальным этапам шматгадовай працы аўтара і была выдадзена ў 2017 годзе абмежаваным накладам, які адразу разышоўся сярод знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Міхала Анемпадыстава. У кнізе апісаныя сем колераў, якімі “пафарбаваная” беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, залаты і зялёны. Кожны “энцыклапедычны артыкул” праілюстраваны дзясяткамі фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колера ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.

Дызайнерскі альбом ужо паспеў стаць каштоўным артэфактам сучаснай беларускай культуры, дзе ў непаўторным стылі аўтара адбываецца пошук Беларусі. Гэты стыль мы добра ведаем і любім па культаваму Народнаму альбому і вобразах шэрагу ўплывовых культурніцкіх кампаній. Гэтая кампанія дае магчымасць усім жадаючым замовіць кнігу і стаць уладальнікам унікальнага выдання, створанага геніяльным сучаснікам, які заўчасна пакінуй нас.

Галоўная выява кампаніі.jpg

Кампанія распачалася 12 сакавіка на краўдфандынгавай платформе Ulej.by. Плануецца выдаць кнігу тыражом 500 экземпляраў. Краўдфандынгавая кампанія працуе па прынцыпе перадзамовы:  падтрымаўшы праект, чытачы атрымаюць кнігу па нізкім кошце. Адзін асобнік будзе каштаваць 40 рублёў. Пры замове некалькіх экзэмпляраў кошт будзе меншым. Да ўдзелу запрашаюцца таксама асобы і кампаніі, якія гатовыя выступіць спонсарамі, каб кніга магла патрапіць у бібліятэкі, культурніцкія ўстановы і публічныя прасторы.

Краўдфандынгавая кампанія арганізавана Лятучым ўніверсітэтам у партнэрстве з кнігарняй “Логвінаў”. Па словах арганізатараў кампаніі, яны імкнуцца зрабіць дасяжнай для шырокага кола прафесійную і выкшталцоную працу з традыцыяй. Гэта ўнікальны падручнік, які дазваляе на вербальным і невербальным узроўні засвоіць частку малавядомай беларускай культуры. 


Кампанія дазволіць яшчэ раз прадставіць Міхала Анемпадыстава як чалавека культуры, што ўяўляў і ствараў беларускую ідэнтычнасць і стыль з простых рэчаў: словаў і гукаў, вобразаў і фактуры, колераў і ўпадабанняў, гісторыі і сучаснасці.

Кампанія будзе ісці да 25 красавіка.  Падтрымаць кампанію і перадзамовіць кнігу можна па спасылцы.

Пра аўтара:

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года ў Мінску.

Дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст. 

Шырока вядомы як адзін са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 1990-х. Аўтар ідэі і тэкстаў культавага музычнага праекта «Народны альбом», які выйшаў у 1997 годзе і быў названы «Альбомам году». Песні на вершы Анемпадыстава — у рэпертуары Змітра Вайцюшкевіча, гуртоў «Новае Неба», N.R.M., IQ48. У 2013 г. выдаў зборнік сваіх вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы».

Быў аўтарам вокладак і ілюстрацый для шматлікіх кніг і часопісаў беларускіх аўтараў - "Бярозка", "Маладосць", кнігі Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі», кнігі Валянціна Акудовіча "Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека" ды інш. Ствараў вокладкі для CD-дыскаў гурта «N.R.M.», спевака Змітра Вайцюшкевіча і інш.

Вядомы як выдатны плакатыст і аўтар постэраў да рок-канцэртаў.

У 2011 г. прэзентаваў фотавыставу «Under Ground»: праз угляданне ў беларускія камляплоды, адкрываў глыбейшае вымярэнне беларускай культуры. Быў актыўным удзельнікам і аўтарам лагатыпу грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Вёў аўтарскую калонку «Простыя рэчы» на сайце грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!», дзе разважаў пра штодзённыя і адначасова элітарныя праявы беларускай культуры і культуры ўвогуле.

Быў выкладчыкам і сябрам калегіюма Лятучага ўніверсітэта, дзе чытаў публічныя лекцыі і вёў школу "Дэзань!".

24 студзеня 2018 года Міхала Анемпадыстава не стала.

Апошняй яго вялікай працай стаў візуальна-даследчы праект "Колер Беларусі".

Гісторыя стварэння кнігі:

Міхал Анемпадыстаў даследваў тэму колера з 2009 года. У межах праграмы Gauda Polonia збіраў матэрыял, вывучаў тапаніміку, разглядаў кераміку ў этнаграфічным музеі ў Варшаве, перачытваў чарадзейныя казкі і песні, зазіраў у гісторыю мовы.

Працяг працы адбыўся ў Лятучым ўніверсітэце, дзе ў 2012 годзе ўпершыню была прачытаная публічная лекцыя “Колер Беларусі”. Затым стварыў школу “Дызань!”, дзе ідэі паглыбляліся і дапрацоўваліся.

У 2016 годзе ў межах праекта CHOICE – Cultural Heritage: Opportunity for Civic Engagement, рэалізаванага пры падтрымцы Еўрапейскага Звязу, праца над тэмай завяршылася выставай “Колер Беларусі” (прайшла ў Мінску, Гародне і Віцебску), а таксама стварэннем і выданнем кнігі.

Цытаты з кнігі:

“Чорны і белы колеры – метафізіка і анталогія, першыя крокі ў спазнанні чалавекам сусвету. Гэта пачатак усяго, калі з нічога з’яўляюцца святло і цемра. Гэта быццё і небыццё, верх і ніз, так і не, плюс і мінус – бінарны прынцып пабудовы любой мовы, ад прымітыўнай да камп‘ютарнай. 

Чырвоны – гэта тэхналогія. Засваенне чалавекам прасторы вакол сябе і самога сусвету. 

Сіні і блакітны – культура. Чараўніцтва, магія, мода, мастацтва, творчасць.

Залаты – рэлігія. Святло недасяжнага і імкненне да гэтага святла. 

Шэры і зялёны – наша штодзённае жыццё, зручнасць і якасць асяроддзя, а таксама сувязь з прыродай і ўсведамленне таго, што кожны з нас – яе складовая і неад’емная частка.

На нейкі час, на адзін цудоўны момант.”

***

“Культура — не толькі і не столькі цяперашні стан, але вынік усяго таго, што было раней. Разрыў пераемнасці вядзе да фрагментацыі культуры, страты паасобных складнікаў і сувязяў паміж імі, што азначае яе маргіналізацыю і заняпад, а ў выніку – паглынанне іншай культурнай традыцыяй.

Пераемнасць культуры не азначае, аднак, безупынны паўтор. Пераемнасць – гэта, апроч іншага, памяць пра тое, што было да нас, памнажэнне ведаў і здатнасцяў папярэднікаў. Гэтая кніга не заклікае да вяртання ў сучаснасць колішніх эстэтычных упадабанняў, а спрабуе давесці, што яны заслугоўваюць увагі і пашаны. Нам варта ведаць гісторыю ўласнай культуры хаця б дзеля таго, каб лепей разумець сваё quo vadis. Мажліва, гэтыя веды дапамогуць нам больш крытычна ставіцца да сённяшніх дасягненняў і зразумець, што месцамі мы знаходзімся ў цывілізацыйным заняпадзе, раўнуючы з тым, што было раней, і прымусяць зрабіць захады, каб выправіць сітуацыю.”

***

“Першымі паўсюль і заўсёды з’яўляюцца назвы для белага і чорнага колераў. На другім этапе – для чырвонага. На трэцім – для зялёнага (альбо жоўтага). На чацвёртым – для жоўтага (альбо зялёнага). На пятым – для блакітнага. Потым для брунатнага. На сёмым этапе сюды дадаюцца назвы для фіялетавага (альбо пурпурнага), аранжавага, ружовага і шэрага колераў. Шэры звычайна выяўляецца апошнім і сведчыць пра “сталасць”.”


Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: