Канкурэнцыі ў гэтай галіне няма: з’явіўся беларускамоўны відэаблог пра ІТ навіны

Поделиться

На Youtube-канале KropkaBY з'явіўся трэці выпуск дайджэсту ІТ навінаў Smarcik. Аўтары абралі для сябе беларускамоўны фармат камунікацыі і абяцаюць працягваць відэаблог у штотыднёвым фармаце. Мікіта Іваноў — вядоўца блогу, пагутарыў з marketing.by і распавеў пра далейшыя планы і бачанне гэтага праекту.

Ідэя стварэння асноўнага каналу KropkaBY належыць Віталю Хомічу, вядоўцу "Слухай сваё", які сабраў невялічкую каманду заахвочаных людзей. Пакуль канал мае тры накірункі: шоў "Слухай сваё", афішу — "Imprezy" і непасрэдна Smarcik.

- Імпрэзы былі першым "пілотным" праектам. Так бы мовіць, каб "набіць руку". Але аўдыторыі спадабалася, было вырашана працягнуць здымаць, — распавядае пра старт праекту вядоўца Мікіта Іваноў.



Што канкрэтна да Smarcik’а, то стваральнікі даўно цікавіліся IT-навінамі і тэхналогіямі. 

- Чытаць навіны хацелася на беларускай мове, а такога кантэнту фактычна нідзе не было. Таму вырашылі ствараць яго самастойна. Напачатку гэта была старонка з беларускамоўнымі IT-навінамі ў тэкставым фармаце ў пабліку "Ўкантакце". Потым да нас звярнулася каманда KropkaBy з прапановай зрабіць блог.


Чаму стваральнікі абралі менавіта фармат відэа? На іх думку навінаў становіцца шмат, а часу ў людзей усё менш, таму глядзець такую падборку раз на тыдзень больш эканамічна ў часе.

- Зараз мы ствараем сваю аўдыторыю. Канкурэнцыі ў гэтай галіне няма. Таму, спадзяюся, будуць людзі і з таго боку, і з другога: і беларускамоўныя людзі, якія зацікавяцца тэхнікай, і ІТ-шнікі, якія зацікавяцца беларускай мовай.

На думку Мікіты, беларуская мова ў прасоўванні праекту, звязанага з ІТ, мае досыць вялікі патэнцыял.

- Зараз адбываецца агульны ўздым цікавасці да беларушчыны. Пакуль рэчаіснасць такая, што старт новага беларускамоўнага праекту – гэта ўжо інфанагода, якая прыцягвае пэўную аўдыторыю. Што можа быць надалей – магчыма ўвядзенні нейкіх інтэрактываў. Галоўнае – гэта зацікавіць людзей.
Асноўная ж мэта праекту — ствараць і натхняць на стварэнне як мага большай колькасці годнага беларускамоўнага кантэнту.

2016-05-19 10.30.27 am.png

Пакуль аўдыторыя блогу даволі сціплая. Зараз у пабліку "Ўкантакце" каля 250 чалавек, але ўжо ідзе зваротная сувязь.

- Людзі пішуць каментары, як з заўвагамі, гэтак і з пытаннямі, мы адказваем. Гэта добра і прыемна. Відэа збіраць у сярэднім па 500 праглядаў.

Датычна супрацы з кампаніямі ці брэндамі, то пра гэта пакуль казаць рана.

- Праект толькі распачаўся, і хацелася б перш-наперш выправіць тэхнічныя хібы і пачаць больш упэўнена адчуваць сябе. Калі звяртацца будуць — чаму не.

Паралельна з "тэхнічным" відэаблогам KropkaBY працягвае выпускаць музычнае шоў "Слухай сваё" і афішу — "Imprezy", бліжэйшым часам абяцаюць і некалькі новых забаўляльных праектаў. Выпускае Smarcik тая ж каманда, але сцэнарыст і вядоўца ў ІТ-блога асобныя.

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: