Дэдлайн працягнуты! 5 прычын падаць сваю працу на Фестываль aDNaK!

13 Июня 2016 marketing.by 2066 0 AD.NAK!
Поделиться

Арганізатары Сёмага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!, цырымонія ўзнагароджання якога адбудзецца 30 чэрвеня ў Мінску, запускаюць “апошні вагон” падачы работ. Яшчэ ёсць шанец стаць удзельнікам aDNaK!, бо дэдлайн прыёму работ працягнуты да 16 чэрвеня (уключна). Калі вы яшчэ вагаецеся ці не паспяваеце, прыводзім 5 прычын, чаму трэба ўзяць удзел у Фестывалі.

aDNaK2.jpg

Крэатыўная пляцоўка

Фестываль aDNaK! унікальны ў сваёй галіне. У Беларусі няма аналагічных мерапрыемстваў, якія б займаліся развіццём менавіта беларускамоўнай і беларускаарыентаванай рэкламы.

Але Фестываль aDNaK! — гэта яшчэ і крэатыўная пляцоўка, дзе адмыслоўцы рэкламнай галіны як з бізнесу, так і з культурніцкіх асяродкаў абменьваюцца досведам, а пачаткоўцы яго набіраюцца. Удзел у Фестывалі — выдатная мажлівасць трапіць у абойму найбольш прасунутых рэкламістаў, маркетолагаў і дызайнераў, якія задаюць трэнд у краіне.

Прафесійныя крытэры

Удзел у Фестывалі aDNaK! — гэта яшчэ і выдатная мажлівасць атрымаць аб’ектыўнае меркаванне пра сваю работу ад кампетэнтнага журы, якое сёлета абнавілася амаль напалову і складаецца як з рэкламістаў, так і з вядомых публічных асобаў і адмыслоўцаў у сумежных сферах.

aDNaK1.jpg

Асноўныя крытэры ацэнкі работ удзельнікаў:

– Адпаведнасць ужывання беларускай мовы мэтам і задачам камунікацыі.
– Якасць камунікацыі з мэтавай/мэтавымі аўдыторыямі.
– Практычная значнасць — наколькі вырашаныя задачы камунікацыі.
– Наяўнасць у рабоце актуальнай (сучаснай) візуальнай культуры, арыгінальнасць работы.
– Узровень тэхнічнага выканання (рэалізацыі) работы.

Беларусаарыентаванасць

Сёлетняя канцэпцыя Фестывалю: “aDNaK!— ген беларускага крэатыву”. Цягам усяго свайго існавання Фестываль выконваў яшчэ і сацыяльназначную функцыю — паслядоўна займаўся развіццём не толькі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыйных праектаў, але і беларускай свядомасці.

Нездарма крэатыўны дырэктар аднаго з вядучых рэкламных агенцтваў Беларусі AIDA Pioneer Дзмітрый Апаленіс у сваім нядаўнім інтэрв’ю адзначыў, што “фестываль aDNaK! — гэта спроба сказаць, што, калі ты народжаны тут, гаворыш на беларускай мове і выкарыстоўваеш ген крэатыву, гэта дасць табе больш бонусаў для бізнесу, уласнага развіцця. Гэта сакрэтная зброя, якая ёсць у кожнага з нас і важна яе выкарыстоўваць”.

Камунікацыйнасць

"Не рэкламай адзінай!" — кажуць арганізатары і запрашаюць да ўдзелу ў Фестывалі аўтараў культурніцкіх праектаў, матывуючы культурніцкія асяродкі будаваць сваю камунікацыю з патэнцыйнымі “спажыўцамі” праз механізмы бізнес-рэкламы, што значна павышае якасць самога культурніцкага прадукту. А сумесны ўдзел стваральнікаў бізнес- і культурніцкай рэкламы і камунікацыйных праектаў спрыяе паглыбленню партнёрства паміж імі.

Бясплатны ўдзел

Ну і, бадай, самая простая прычына — удзел ва ўсіх мерапрыемствах Фестывалю, у тым ліку ў адукацыйнай праграме, як заўжды, бясплатны. Такой шчырасцю і адкрытасцю да патэнцыйных удзельнікаў можа пахваліцца далёка не кожны прафесійны фестываль. У адрозненне ад аналагічных беларускіх і замежных мерапрыемстваў, фестываль aDNaK! не ставіць камерцыйных мэтаў, а ёсць і будзе заставацца грамадсказначнай з’явай, якая дапамагае ствараць адметную і камфортную культурніцкую атмасферу, у якой мы з вамі жывем штодня.

Каб падаць сваю працу, дастаткова зарэгістравацца на сайце adnak.by, абраць намінацыю і паднамінацыю і запампаваць работу!

Не спі — падавайся!

Усе падрабязнасці пра Фестываль, намінацыі, умовы падачы работ і ўдзелу ў адукацыйнай праграме можна атрымаць на сайце adnak.by , па тэлефоне +375 29 371-01-21 (Сяргей Скараход) альбо праз e-mail: adnak@budzma.org.

Поделиться
Обсуждение:
Читайте также: