CityDog адкрыў аналагічны гарадскі партал у Чэхіі

Поделиться

Каманда папулярнага менскага сайта CityDog запусціла чэшскамоўны аналаг City-dog.cz у Празе, які пакуль працуе ў тэставым рэжыме, паведамляе "Радыё Свабода".

screenshot-city-dog.cz-2018.03.03-14-17-00.png

Чэскае акцыянэрнае таварыства CityDog Media мае капітал амаль 5 мільёнаў крон (больш за 250 тысяч даляраў) — мінімальнае патрабаваньне для такой формы ўласнасьці 2 мільёны. Дырэктарка кампаніі Ірына Віданава кажа, што гэта грошы так званых «анёлаў-інвэстараў». Паводле яе, акцыянэраў няшмат і ўсё яны — выхадцы зь Беларусі.

«Гэта пераважна былыя менчукі, якія жывуць у розных краінах. Яны маюць асабісты капітал і шукалі магчымасьці інвэстыцыі, але ня вельмі давяраюць беларускай сыстэме, каб інвэставаць свае грошы ў стартапы ўнутры Беларусі. Аднак інвэстары ня маюць права ўмешвацца ў рэдакцыйную палітыку».

Віданава кажа, што рэдакцыю пачалі падбіраць яшчэ ў сакавіку 2017 году. Усе тры супрацоўніцы - Ўладзька Кучэрава, Анэжка Свобадава, Вэраніка Фолтава - маюць досьвед працы ў піяр-агенцтвах.

10458CA5-D685-4B66-A1C0-DD7DC0421BF6_w1597_n_r0_s.jpg

У Празе ўжо шмат гарадзкіх рэсурсаў — як на паперы, гэтак і ў інтэрнэце. Ірына Віданава кажа пра канкурэнтаў:

«Тут не было менавіта такога выданьня, як Citydog, у якім ёсьць якасная афіша, рэкамэндацыі куды схадзіць, што зьесьці, дзе што набыць, і якое разам з тым было б пляцоўкай для гарадзкога актывізму».

Рэдактарка чэскага выданьня Марушка Вацлавава адказвае амаль гэтак сама:

«На сайтах нашых канкурэнтаў у асноўным толькі календары падзеяў. Мы спрабуем рабіць матэрыялы аб Празе і пражанах».

Вацлавава вядзе ў Фэйсбуку суполку «Што я сёньня надзену?»

«Калі я езьдзіла ў Беларусь, мяне зьдзівіла, якія ў вас выдатныя дызайнэры адзеньня, наколькі яны крэатыўныя. Адна зь іх стварыла фантастычную калекцыю на аснове кветак бульбы. А яшчэ мне вельмі падабаецца лён — у Беларусі ён танны і якасны. У рэстаранах можна пабачыць абрусы і сурвэткі з ільну. Мне здаецца, што беларусы лепш, чым мы, працуюць з нацыянальным стылем».

Вацлавава кажа, што яе зацікаўленасьць модай ня будзе моцна ўплываць на рэдакцыйную палітыку — прыярытэт праскім падзеям і героям.

Ірына Віданава кажа, што ўнутры Беларусі Citydog выбраў для сябе іншую мадэль уплыву:

«Калі стала ясна, што CityDog робіцца пасьпяховым выданьнем, дык, натуральна, першая думка была пашырацца ўнутры Беларусі. Але беларускі рынак вельмі абмежаваны, і мы зразумелі, што камэрцыйна гэта ня мае сэнсу. У Беларусі мы актыўна дзелімся ўсімі сваімі здабыткамі, праводзім майстар-клясы. Я вельмі радая назіраць рост нішавых гарадзкіх выданьняў у абласных гарадах, і думаю, што Citydog да гэтага прыклаў лапу».

Віданава кажа, што стваральнікам CityDog вельмі важна, што адбываецца зь менскай гарадзкой супольнасьцю.

«Хоць у нас вельмі шмат кантэнту, які мае забаўляльную абалонку, у ім таксама значны кампанэнт прысьвечаны ўрбаністыцы, гарадзкому актывізму, нізавым ініцыятывам. Для нас важныя тэмы экалёгіі, культурніцкіх прастораў. Гэта можа быць не наўпроставы супраціў сыстэме, а падыход, калі нам хочацца зьмяняць мэнтальнасьць».

CityDog некалі анансаваўся як дзьвюхмоўнае выданьне. Але зь дзясяткаў матэрыялаў на галоўнай старонцы менскага сайту, толькі адзін па-беларуску.

«Мы бачым, што надрукаванае па-расейску чытаецца значна больш. Гэта ў пэўнай ступені мой асабісты боль, бо для мяне мова застаецца вельмі важнай часткай майго жыцьця. На жаль, з аўтараў CityDog адзінкі могуць свабодна і добра пісаць па-беларуску. Мы таксама не зьмяняем мову чалавека, калі бярэм інтэрвію. Але сярод нашых стратэгічных задачаў на сёлета — вярнуць да сябе беларускую мову, каб яна больш прысутнічала ў нашых арыгінальных матэрыялах».

Праская і менская рэдакцыі ўвесь час абменьваюцца досьведам. Перакладчыца Крысьціна Шыянок, якая ў гэтым дапамагае, кажа, што часам назірала «сутыкненьне беларускага і чэскага сьвету».

«Праскаму офісу, напрыклад, было абсалютна незразумела, як "міс сьвету на вазку" нядаўна не хацелі пускаць ў менскі бар».

Праскі CityDog будзе адрозьнівацца зьместам ад менскага, тлумачыць Віданава.

«Нашая роля ня ў тым, каб казаць якія тэмы і рубрыкі мусяць быць. Вырашаюць пражане».

Калі набраць адрас citydog.cz замест city-dog.cz, дык трапіце на чэскі сайт асацыяцыі сабачнікаў.

«У нас ужо зьявілася ідэя зрабіць рубрыку, прысьвечаную тэме гараджан і сабак. Тут сапраўды гэта культ, і нам пашчасьціла з назвай».

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: