Менчук Уладзімір Андрыенка стварыў сэрвіс хуткаснага чытання класікі — “Купала поштай”. Падпісаўшыся на яго, чытачы будуць атрымліваць кожны дзень па аднаму вершу Янкі Купалы.
“Я ўбачыў сэрвіс nezarastet.ru і падумаў: а чаму б не зрабіць нешта такое ж, толькі з беларускімі класікамі? — гаворыць Уладзімір Андрыенка. — На жаль, леташняя гісторыя з білбордамі ў Гародне паказала, што нават у Міністэрстве культуры часцяком блытаюць Коласа і Купалу. А тут на вочы трапіўся расейскі сэрвіс. Я палічыў, што гэта знак беларусам больш даведацца пра родную літаратуру.”
У рассылцы сабраныя 100 вершаў паэта на розную тэматыку.
“Гэты сэрвіс будзе карысны ўсім, хто хоча даведацца больш пра беларускую літаратуру і палепшыць веданне беларускай мовы,” - сцвярджае Уладзімір.
Для таго каб атрымліваць вершы Купалы трэба проста падпісацца на рассылку на сайце kupalaposhtai.by.
Далей хлопец плануе пашырыць спіс паэтаў. А там і да сусветных літаратурных скарбаў недалёка.