"Беларускае можа і мусіць быць модным, сучасным і актуальным": “Будзьма беларусамі!” адзначае 10-годдзе

12 Сентября 2018 1532 0 СМИ и медиапроекты
Поделиться

10 гадоў таму 1 кастрычніка стартавала агульнабеларуская грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, якая абвясціла мэтай паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. 

На той момант падобных ініцыятываў у Беларусі папросту не было. Безумоўна, у краіне дзесяцігоддзямі працавалі шматлікія недзяржаўныя арганізацыі, якія пашыралі беларушчыну, займаліся папулярызацыяй беларускай мовы і культуры, рабілі ўсё магчымае  ў  даволі складанай грамадска-палітычнай сітуацыі, але кампаніі, якая замахнулася б на агульнанацыянальны ўзровень і шматпрофільную дзейнасць, не было.

І адной з задач якую ставіла перад сабой  “Будзьма”, было аб’яднанне не толькі ўжо наяўных ініцыятываў, але і прыцягненне новых прыхільнікаў. Было вельмі важна, каб жыхары Беларусі перасталі ўспрымаць высілкі рупліўцаў на ніве беларушчыны як часовыя, лакальныя дзеянні апантаных і асэнсавалі неабходнасць развіцця краіны менавіта на глебе нацыянальна-культурных каштоўнасцяў.

Ініцыятарам стварэння кампаніі стала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Сярод тых, хто першым падтрымаў стварэнне такой ініцыятывы, былі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, суполка “Пагоня” Саюза беларускіх мастакоў, грамадскае аб’яднанне “Гісторыка” ды іншыя. Усіх, вядома, не пералічыш.  “Бацькаўшчына” ўзяла на сябе ролю каардынатара на чале з Аленай Макоўскай і Нінай Шыдлоўскай.

“Будзьма” стварыла цэлы шэраг праектаў, праз якія мы вучылі і вучыліся гісторыі; адкрывалі новыя імёны ў спорце і культуры; даводзілі, што беларуская мова – якасны сродак камунікацыі, а ўсё беларускае можа і мусіць быць модным, сучасным і актуальным. Гэтыя праекты (мы гэта бачым) натхнялі іншых на далейшы крэатыў і стварэнне новых яскравых падзей.

Найбольш вядомыя з такіх праектаў-натхняльнікаў варта згадаць:

Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!”



Серыя ролікаў “Культура паляпшае жыццё”



Паэтычны відэапраект “Чорна-белыя вершы”



Новы мультымедыйны праект “Край|by”


А таксама: 

Камунікацыйная праграма “У пошуках Цмока,

Спартовы праект “Байцоўскі ген”

Выдавецкая серыя “Не маўчы па-беларуску!”,

Музычны праект “Тузін.Перазагрузка”,

Серыі інтэрв’ю “Будзьма беларускамі!”,

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак!”,

Рэгіянальная праграма “Разам да справы!”

Гучыць фантастычна, але “Будзьма” была адной з першых, хто пачаў пераасэнсоўваць, асучасніваць нацыянальныя сімвалы, распаўсюджваючы адзенне і аксесуары з іх выявамі. Гэта цяпер мы маем цэлы шэраг самых розных брэндаў, а 10 гадоў такой разнастайнасці не было – былі ў асноўным выявы дзяржаўнага герба і “Пагоні”. “Будзьма” ж прапанавала альтэрнатыву для тых, хто хацеў падкрэсліць сваю беларускасць, але без настолькі яўнай палітычнай дэманстрацыі. Нашыя адметныя торбы, цішоткі, нататнікі, закладкі за гэты час сталі не толькі пазнавальнымі, але і папулярнымі як у Беларусі, так і за яе межамі і прадэманстравалі, што ўвасобіць беларускасць можна так, каб гэта было цікава і прывабна для сучаснага чалавека.

Першыя “будзьмаўскія” цішоткі, 2008 год

DSC_2798.jpg

Цішоткі і торбы “Краіна цмокаў”, 2013 год

cmoki_pryzy.jpg 

Цішоткі для нацыянальнай зборнай па тайскім боксе, зробленыя сумесна з брэндам LSTR, 2013 год

tarantino-by-2013-muay-thai-national-team-forma-5934.jpg

Шукаючы шляхі да яднання, кампанія ўзялася за беларускую культуру ў самым шырокім разуменні гэтага слова. Ад першых дзён існавання пад эгідай ініцыятывы пачалі праводзіцца шматлікія культурніцкія імпрэзы з удзелам вядомых беларускіх літаратараў, музыкаў, мастакоў. За гэтыя гады такія “культурніцкія дэсанты” наведалі сотні школаў, садкоў, летнікаў, публічных культурных асяродкаў ды іншых устаноў культуры і адукацыі па ўсёй краіне. Дзякуючы гэтаму людзі ў рэгіёнах адкрывалі для сябе сучасных беларускіх творцаў, чые імёны не згадваліся ні ў падручніках, ні ў дзяржаўнай прэсе.

marketing.by вiншуе “Будзьма беларусамі!” з 10-годдзем i жадае надзейных паплечнiкаў ды партнераў, новых крутых праектаў!  

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: