Адкрываецца выстава Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі»

Поделиться

Выстава мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» адкрыецца ў галерэі Беларускага Саюза Дызайнераў (вул. Брылеўская, 14, уваход са двара) 28 лютага а 19-й гадзіне.

«Колер Беларусі» – гэта міждысцыплінарнае даследванне Міхала Анемпадыстава. Ён даследуе гісторыю і ролю колераў у беларускай культурнай традыцыі, ці, калі больш дакладна, у тых культурных традыцыях, якія ўтваралі аснову для паўстання беларускай культуры і з’яўляюцца яе неад’емнымі часткамі.

KolerBelarusi_afisha_.jpg

На выставе будзе прадстаўлена візуальная частка даследвання – аб'екты, якія з'яўляюцца носьбітамі ўлюбёных колераў беларускай культурнай традыцыі. Носьбіты гэтыя розныя. Некаторыя з іх архетыпічныя, а разам з тым, настолькі звычайныя, што мы перасталі звяртаць на іх увагу. Іншыя забыліся, зацерліся, зафарбаваліся пазнейшымі культурнымі напластаваннямі і чакаюць на сістэмнае, руплівае аднаўленне. Трэція маюць патрэбу ў дадатковым паясненні кантэкста, семантыкі і сэнсаў.

Выстава ладзіцца ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE і папярэднічае выхаду ў свет аднайменнай манаграфіі, прэзентацыя якой плануецца ў сакавіку сёлета.

Працягнецца выстава «Колер Беларусі» да 24 сакавіка. Уваход вольны.

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: