Абгрэйдзіць бізнесмэна і зрабіць з яго прафесіянала камунікацыі. Як працуюць курсы акторскага майстэрства ARTFACTOR

Поделиться

Аўтар шэрагу прыватных тэатральных праектаў, рэжысёр Тутэйшага тэатра і былы рэжысёр Беларускага тэатру імя Янкі Купалы, Андрэй Саўчанка стварыў у Мінску курсы акторскага майстэрства ARTFACTOR.

Як кажа ён сам, на іх яны імкнуцца адшукаць у кожным чалавеку фактар крэатыўнасці. Што цікава, у межах курсаў існуе асобная праграма для людзей бізнесу і тых, хто хоча развіваць свае навыкі камунікацыі — "кінгспіч". Мы сустрэліся з Андрэям і даведаліся, у чым асаблівасці ягоных курсаў, якія праблемы з публічным выступленнем існуюць у беларускіх бізнесмэнаў і творчых асоб, як новыя навыкі змяняюць іх жыцце і навошта агулам гэта трэба. 

wJan2012TM-(2)-3.jpg

Курсы акторскага майстэрства ARTFACTOR існуюць з 2012 года. На іх мы спрабуем адшукаць фактар крэатыўнасці і артыстычнасці. У межах гэтых курсаў працуе праграма для людзей бізнесу "кінгспіч" альбо "эфектыўны публічны выступ", дзе метадалагічна і з пункту гледжання акторскай прафесіі мы спрабуем раскрыць асобу з яе асаблівасцямі для паспяховага выступу. Мы разбіраем структуру выступлення, вучымся правільна трымацца і рэагаваць на інтэлектуальных тэрарыстаў, працуем над дыкцыяй, дыханнем. 

Мы пачынаем працу ў групах ад 3-х чалавек. Нам цікавей працаваць, чым не працаваць і чакаць, пакуль збярэцца большая колькасць. Папярэдняя група складалася з 5 чалавек. Часам застаецца нават 1 чалавек.

Асаблівасцю курсаў з'яўляецца тое, што мы працуем над выступам, выкарыстоўваючы навыкі акторскай прафесіі. Болей такіх курсаў няма. Мы можам абгрэйдзіць бізнесмэна і зрабіць з яго прафесіянала камунікацыі. І ўсе гэта робяць прафесійныя акторы, якія дзеляцца сваімі ведамі.

header.jpg

Каму патрэбна быць аратарам?

Ці існуе праблема ў беларускім бізнесе з аратарствам? На мой погляд, існуе. Мы маем шмат людзей, якія выдатна разважаюць і маюць бездань ідэй, але сярод іх вельмі мала тых, хто можа свае ідэі данесці так, каб іншыя заслухаліся. Валоданне гэтай здольнасцю звязана з карысцю, якую можна атрымаць ад любых перамоваў. 

Ад таго, як яны могуць падаваць кампанію, залежыць увесь іх бізнес. У Еўропе існуе відавочная тэндэнцыя: бізнес арыентуецца на чалавека, які на чале. Тое, як ён прамаўляе, тое, як ён вядзе аўдыторыю, часта з'яўляецца першасным у ацэнцы бізнесу ці брэнда. У нас гэта ўсведамляюць нешматлікія, але лепшыя.

На жаль, беларуская школа аратарскага майстэрства была знішчана яшчэ ў 20-я гады. Раней у ВНУ быў абавязковы курс па працы з рыторыкай і развіццем аратарскага майстэрства. Выхаваны чалавек не можа не валодаць гэтым навыкам. У савецкія часы падумалі: "Ну навошта нам аратары? У нас ёсць адзін аратар і канкурэнцыя непатрэбная". На жаль, гэтая сітуацыя працягваецца. Але патрэба ёсць і абставіны спрыяюць з'яўленню такіх вось курсаў.

_4745.jpg

З чаго складаецца курс King’s speech

Калі мы складалі курс, я вельмі шмат раіўся з калегамі і чытаў тое, што актуальна ў асаблівасцях публічнага выступу на сёння. У выніку мы ўзялі асноўныя напрацоўкі ў гэтай сферы і ўвялі ва ўсе гэта асаблівасці і навыкі, якія дае акторская прафесія, стварыўшы своеасаблівы мікс. 

Методыка вельмі простая. 

  • Частка заняткаў - праца над артыкуляцыяй. Мы дыхаем, грымаснічаем, рэзануем, дасылаем гук, запаўняем прастору. 
  • Далей ідзе тэарэтычная частка, дзе я распавядаю, што і як працуе ў прамове - яе структура. Для мяне структура прамовы мае выгляд рыбіны. У яе ёсць галава - уступная частка, тулава - галоўная частка і хвост- заключэнне. 
  • Далей трэба зразумець, як гэтыя часткі працуюць і пераходзяць адна ў другую, дзе мы закрываем эмацыйны план з людзьмі, а дзе наадварот працуем з ім. 
  • Пасля гэтага я даю заданне паспрабаваць выкарыстаць гэтую структуру падчас прамовы. 
  • Любую тэорыю мы пасля замацоўваем практыкай, падчас якой ужо глядзім на тое, што ў чалавека атрымліваецца добра, а што не вельмі, і як гэтае апошняе ператварыць у перавагу, якая стане асаблівасцю. 

Некаторыя людзі даведваюцца, што ў іх існуюць праблемы з выступам, толькі калі яны прыходзяць да нас. Бо мы дэталева разбіраем іх прамовы.

Спачатку праходзіць майстар-клас, які ўяўляе з сябе ўводзіны і пагружэнне ў курс. Пасля - трохдзённы трэнінг, калі мы даем не толькі "панюхаць", але паспрабаваць сябе ў прамове і разабраць яе на памылкі. А далей  ідзе курс, які складаецца з 20 заняткаў па 2 гадзіны, на якіх мы распрацоўваем выступ, выкарыстоўваем асаблівасці чалавека і рыхтуем яго да іншага ўзроўню прамовы.

IMG_4858.jpg

Выкарыстанне псiхалогiі

У нас ёсць псіхалагічныя тэсты і задачы, якія мы рашаем. Мы адсочваем тое, як працуюць механізмы, якія трымаюць увагу, што спрыяе закрыццю ці адкрыццю людзей, выклікае цягу і покліч да дзеяння, улічваем нават знешнія праявы ідэй і сутнасці прамовы. 

У любым выступе вельмі істотна ведаць, як стаць сваім для публікі. З аднаго боку, ты выходзіш на публіку і як бы адзін супраць усіх, ты - чужы. Але існуюць зоны і кропкі, якія даюць магчымасць дастаткова хутка і проста стаць "сваім".

Дарэчы, падрыхтоўка — самая важная частка выступу. Але калі вы карыстаецеся аднымі і тымі ж нарыхтоўкамі ўвесь час, то вельмі хутка надакучыце людзям. Таму мы імкнемся прасоўваць такую якасць, як назіранне, калі збор нарыхтовак адбываецца пад час штодзённага жыцця. Вельмі каштоўна ўмець абраць тое, што будзе актуальна пад пэўны момант, тэму ці настрой.

Трэба ўвесь час сачыць за тым, што актуальна ў свеце, на што адгукаюцца людзі, пра што яны размаўляюць штодня. Уменне пачуць, пра што думаюць людзі, чым яны жывуць і што іх турбуе, а пасля загаварыць пра гэта — вельмі важнае ўменне ў аратарскім майстэрстве.

У беларусаў ёсць свае асобныя тэмы, якія чапляюць, але я вам пра іх не распавяду, бо тады на нашыя курсы ніхто не прыйдзе. А ёсць тэмы, якія ўжо састарэлі і ўсім надакучылі, але імі часта працягваюць карыстацца. 

Яшчэ вельмі істотна мець шырокі светапогляд. Яго немагчыма сыграць. Чалавек з шырокім светапоглядам можа сыграць чалавека з вузкім, але ніяк не наадварот. Гэта асноўны закон акторства. Тое ж самае падчас публічнага выступу. Калі чалавек разважае вузка, то што ён можа даць іншым? Публіка вельмі добра адчувае, як чалавек глядзіць на свет. Усе гэта чытаецца ў вашых вачах.

523597_277972272366065_1702888452_n.jpg

Як працаваць са страхам правалу

Часцей за ўсе людзі маюць страх правалу, што ўсе будзе дрэнна і яны забудуць тэкст. Але гэта надуманыя штукі. Калі трошкі пазаймацца, то страх пройдзе, і вы зможаце пераводзіць любыя праблемы падчас выступу на сваю карысць. Яны могуць стаць прыкладам ці нават жартам. 

Першы прыем — гэта не заўважаць самому, бо як толькі ты факусуешся на гэтым, то і гледачы таксама гэта адчуваюць. Публіка бачыць у вас жывога чалавека, які можа нешта забыць. Гэта нармальна. Калі памылка нязначная, яе можна проста прапусціць. 

Другі прыем — перавесці ў прыклад, калі памылка супадае з ідэяй, пра якую вы распавядаеце. І на прыкладзе памылкі распакаваць тое, пра што ідзе выступ. 

Ну і самае апошняе — проста перавесці ў жарт.

Самае кепскае, калі вы робіце памылку, вас пачынае ад гэтага трэсці, а вы імкнецеся паказаць, што гэтага няма. Яе трэба проста адпусціць і даць лёгка прайсці. Памылкі — гэта нармальна.

Яшчэ ёсць меркаванне, што публіка — гэта жанчына, а прамоўца — мужчына. І ўвесь ваш выступ — гэта гульня і флірт між гэтымі асобамі. Тут працуюць гендарныя законы. 

Публіка хоча, каб ёй падабаліся, яна шчыра чакае, калі прамоўца яе ўразіць. Гэтага часта чакае жанчына і ад мужчыны ў звычайным жыцці. Гэтак жа прамоўца хоча, каб і публіка падабалася яму. Вось такая цікавая існуе версія. Шмат у чым яна працуе, але досыць неадназначная.

Хто да нас прыходзiць

Ёсць людзі, якія прыходзяць з прыкладнымі мэтамі. Гэта менеджэры, якім трэба ўмець прадаваць. Ёсць людзі, якім трэба шмат кантактаваць у публічнай сферы, але яны адчуваць пэўныя праблемы і бачаць, што ёсць куды рухацца, але не ведаюць, як самім гэтага дасягнуць. 

Ёсць тыя, хто займаецца карпаратыўнай камунікацыяй, працуюць з супрацоўнікамі і маюць патрэбу неяк на іх уплываць. Ёсць людзі творчыя, музыкі, напрыклад, якім трэба ўмець таксама запаўняць час між песнямі пад час выступу. Да нас прыходзілі гісторыкі, астролагі, бо ўсё гэта камунікацыя, якая патрабуе перадачы ведаў.

Самае складанае ў нашай працы — верыць у чалавека. Бо ты часам мусіш верыць за вас абодвух.  Патэнцыял чалавека лёгка адчуць, калі паназіраць за асобай у публічнай сферы. Але гэты патэнцыял вельмі цяжка вырошчваць, бо ўсё вельмі індывідуальнае і ўнікальнае. У кожнага з нас здольнасці вельмі розныя, таму складана захаваць іх унікальнасць. Мы маглі б пайсці больш лёгкім шляхам і рыхтаваць універсальных выступоўцаў, але гэта не ёсць правільна. Мы хочам выкарыстаць гэтую ўнікальнасць і зрабіць яе дзейснай.

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: