20 выставаў і 200 мерапрыемстваў. Галерэя "Ў" падвяла вынікі года

Поделиться

У 2016 годзе галерэя сучаснага мастацтва "Ў" прадставіла публіцы больш за 20 выставачных праектаў, 8 з якіх — замежныя і 9 — якія прадстаўляюць інтарэсы маладых мастакоў. Было праведзена больш за 200 мерапрыемстваў агульнага характару (прэзентацыі, лекцыі, воркшопы, відэапаказы, сустрэчы), былі адкрыты дзве новыя эксперыментальныя прасторы "Ў падземка" і "Ў падвал", адбыліся два вялікіх адукацыйных праекта — "Куратарская школа" і "10 майстэрняў". Дзякуючы "знойдзеным" выставачным пляцоўкам, а таксама правядзенню адукацыйных праектаў у сценах галерэі "Ў" з'явілася шмат новых імёнаў маладых мастакоў і мастачак.

HquMNU6jVFk.jpg

Найбольш прыкметнай часткай дзейнасці галерэі ў гэтым годзе сталі адукацыйныя праекты. Галерэя ўзяла на сябе адказнасць запускаць працэсы для развіцця агентаў арт-поля Беларусі: ствараць сувязі паміж сучаснай культурай, грамадствам і мастацкім асяроддзем.

Так, у 2016 годзе галерэя арганізавала два навучальных праекта: "10 майстэрняў" і "Куратарская школа" і працягнула адукацыйную праграму для арт-мэнэджараў ArtPlatform.

Мэта "10 майстэрняў" — зацікавіць гледача да самаадукацыі ў галіне сучаснага мастацтва і тым самым стварыць яшчэ адзін сегмент прафесійных гледачоў. Як варыянт — умацаваць пераемную сувязь паміж маладымі непрафесійнымі і сталымі мастакамі. Даць людзям, зацікаўленым мастацтвам, магчымасць наўпрост пасябраваць з яркімі мастакамі і сумесна стварыць выставачны праект.

Мэта "Куратарскай школы"— матываваць маладое пакаленне крытыкаў і куратараў, узмацніць сувязь разумення паміж агентамі арт-поля аб працэсах, што адбываюцца ў сферы сучаснага мастацтва Беларусі. Для дасягнення гэтай мэты, у супрацоўніцтве з Інстытутам Сучаснага Мастацтва ў Ерэване (Арменія), былі запрошаны актуальныя куратары і крытыкі міжнародных праектаў: Назарэт Караян, Сусанна Гілюміран, Ева Хачатран.

Важна пазначыць яшчэ адзін адукацыйны кірунак, які працягвае развівацца дзякуючы падтрымцы галерэі сучаснага мастацтва "Ў" — гэта Дзіцячыя Творчыя Майстэрні. Гэты праект дапамагае раскрыць творчы патэнцыял і развіць вобразнае мысленне маленькага чалавека праз навучанне розным мастацкім тэхнікам, знаёмства з гісторыяй мастацтва. Дзякуючы камандзе ДТМ і запрошаным экспертам, сапраўдны праект ужо ў наступным годзе выпусціць першую кнігу для дзяцей пра беларускае мастацтва XX стагоддзя, пра Віцебскую школу.

У маі гэтага года таксама ў эксперыментальным рэжыме пачала працаваць прастора "Ў падвал". "Ў падвал" задумваўся як прастора без фінансавання, але з магчымасцю для мастакоў, даследчыкаў і актывістаў сучаснага мастацтва атрымаць досвед супрацоўніцтва з галерэяй праз забеспячэнне іх пляцоўкай для выставачных, даследчых і культурных праектаў, каб атрымаць трывалы старт для далейшага ўстойлівага развіцця ў галіне сучаснага мастацтва і культуры. Нажаль, праз тэхнічныя бязладзіцы з прасторай, яго выкарыстанне ў прызначаным кірунку прыйшлося адкласці да больш спрыяльных часоў.

Захар Кудзін, Алеся Жыткевіч, Міша Мішук, Кірыл Каўбаснікаў, Раман Камінскі — гэта маладыя мастакі, выставачныя праекты якіх адбыліся сёлета ў прасторы "Ў".

Немалаважнай часткай дзейнасці галерэі з'яўляецца наладжванне міжнароднага супрацоўніцтва і паказу замежных праектаў. Сёлета галоўная выставачная зала прымала праекты вядомых у сусветным кантэксце імёнаў: Candy Chang, Antje Ehmann і Harun Farocki. Праект "Прызнанні" амерыканскай мастачкі Candy Chang (люты, 2016), варта адзначыць як асабліва наведвальны: публіцы адводзілася прамая роля ў фарміраванні сэнсавага і напаўнення візуальнага складніка экспазіцыі — ананімнае пісьмовае адлюстраванне сваіх думак.

Міжнароднае супрацоўніцтва таксама ажыццяўляецца дзякуючы прывазным куратарскім праектам. Экспазіцыя "Нічога такога, гэта проста мастацтва…" (куратар Моніка Шэўчык, верасень, 2016) — гэта частка адной з найбуйнейшых калекцый сучаснага мастацтва ў Польшчы — калекцыі галерэі Аrsenal у Беластоку, дзе сабраны найбольш цікавыя і ўплывовыя працы польскіх мастакоў, якія былі створаны з пачатку 2000-х гадоў.

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" традыцыйна прапануе сваю выставачную прастору ў рамках культурнай падзеі восені "Месяц фатаграфіі". Гэтай восенню прастора была аддадзена пад рэтраспектыўны праект беларускага фатографа Валерыя Кацубы "Восем гісторыяў" (куратар Ганна Шпакава).

Завяршальным выставачным праектам стаў "Ад дэгуманізацыі да забойства: лёс псіхіятрычных хворых у Беларусі (1941-1944)", арганізатарамі якога з'яўляюцца Цэнтр публічнай гісторыі Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі пры падтрымцы фонду "Памяць, адказнасць і будучыня" (ФРГ). Выстава ўяўляла сабой сістэматызацыю даследаванняў гісторыкаў і псіхіятраў Беларусі і Германіі, куратарам выступіла Аксана Жгіроўская.


Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: