Людміла Стручэўская, “Аліварыя”: “Абсалютна любая сфера бізнесу можа стаць беларускамоўнай”

26 Мая 2015 marketing.by 6841 4 AD.NAK!
Поделиться

Сёлета ў AD.NAK! упершыню з'явіўся партнёр з піваварнай галіны — ААТ “Піўзавод Аліварыя”. Год таму  кампанія перавяла камунікацыю свайго асноўнага брэнду на беларускую мову. Гэты крок, упэўнены ў кампаніі, паўплываў на паспяховыя вынікі 2014 года — рост долі брэнда, аб'ёмы продажаў і лаяльнасць спажыўцоў. Кіраўнік аддзела брэнд-менеджменту Людміла Стручэўская распавяла пра доўгi шлях “Аліварыі” да мовы і выказала асабісты погляд на тое, як узмацнiць беларускамоўны трэнд.

7678.jpg

— Людміла, ключавы брэнд кампаніі — "Алiварыя" — ужо адчуў карысць ад нацыянальнага характару прасоўвання. Ці настане чарга іншых брэндаў прадпрыемства?

— Радая адказаць, што мы збіраемся працягваць пачатае. У кампаніі сапраўды ёсць планы звязаць і іншыя нашыя брэнды з беларускай мовай і культурай. Не магу пакуль раскрыць больш інфармацыі, хацелася б паказаць усё ўжо ў гатовым выглядзе (заўв.: “Піўзавод Аліварыя” прадстаўляе ў Беларусі брэнды Tuborg, Carlsberg, Holsten, Zatecky Gus, EVE, Garage “Бровар”, “Жыгулёўскае”, “Арсенал”і іншыя).

— Як паставілася кіраўніцтва канцэрна Carlsberg да ініцыятывы перакладу рэкламы і PR асноўнага брэнда на беларускую мову?

— Яны вельмі добра ўспрынялі гэтую ідэю. Не трэба было нікому з пенай ля рота даказваць. Ініцыятыва вельмі натуральна ўклалася ў філасофію групы Carlsberg, заснаваную на багатай спадчыне. Яна не толькі ў тым, каб пераследаваць камерцыйныя мэты, але і ў тым, каб ажыццяўляць культурную, асветніцкую дзейнасць. Усё гэта дадае прадукту яшчэ i сацыяльную каштоўнасць.

 Вельмі пазітыўна вітала беларускамоўную камунікацыю каманда нашага мясцовага топ-менеджементу, дзе ёсць прадстаўнікі Расіі ды Украіны. Дырэктар прадпрыемства Дзяніс Шарсценнікаў - родам з Расіі, фінансавы дырэктар, дырэктар па продажах -  з Украіны. Яны таксама цікавяцца гісторыяй і культурай Беларусі. Прычым гэта сапраўды шчырае жаданне людзей даведацца больш пра краіну, у якой яны жывуць і працуюць.

7639.jpg

— На стадыі распрацоўкі стратэгіі як вы адказвалі сабе на пытанне, навошта вам беларуская мова?

— “Аліварыя” — стоадсоткава беларускі брэнд. Калі ў 1994 годзе прадпрыемства стала акцыянерным таварыствам, ужо тады гандлёвую марку назвалі па-беларуску. Так, тое, да чаго мы прыйшлі сёння, заняло нямала часу — 20 гадоў. Але крок за крокам мы да гэтага набліжаліся, паглыбляючыся ў гісторыю, вывучаючы тое, як завод жыў, адкрываючы для сябе нейкія новыя старонкі.

У мінулым годзе наступіла кульмінацыя. Усё натуральным чынам склалася ў адно цэлае: і настрой у грамадстве — павышэнне павагі да нацыянальнай культуры, і важная дата для “Аліварыі” — 150-годдзе завода. Мы вельмі старанна і маштабна рыхтаваліся да юбілею. Для кампаніі гэта быў, напэўна, самы сур'ёзны праект, які залучыў усе ўзроўні: і камунікацыі, і вытворчасць, і продажы, і лагістыку.

Сёння для нас важна, каб брэнд “Аліварыя”, які экспартуецца і ў Расію, і ў іншыя краіны, быў адметным, нёс адчуванне нацыянальнага гонару. Менавіта таму ў гэтым годзе ў нашых камунікацыях мы пачалі выкарыстоўваць новы слоган: “Аліварыя, З гонарам быць беларускім”. Мне здаецца, гэта важна і нашым спажыўцам.

— Як прыйшлі да ідэі выкарыстання вобраза графа Чапскага ў прасоўванні брэнду “Аліварыя”?

— Гісторыя “Аліварыі” — цэлая скарбніца цікавых фактаў, гісторый, адметных персон. Але міма Чапскага, вядома, прайсці немагчыма. Гэта асоба, якая ўжо 122 гады натхняе працаўнікоў завода. Чапскі — сын сваёй эпохі, эвалюцыянер, які вельмі шмат зрабіў для “Аліварыі”. Мяркуйце самі — з драўлянага бровара перавёў вытворчасць у каменны будынак, які выдатна захаваўся і працуе да гэтага часу! Ініцыятыўны чалавек, ён спяшаўся жыць і рабіць добрыя справы. Фігура Чапскага для нас у гэтым годзе асноўная — у жніўні яму спаўняецца 155 гадоў. І ў тым ліку з гэтай прычыны “Аліварыя” стараецца расказаць пра яго больш.

— Па заканчэнні часу выкарыстання беларускамоўнай камунікацыі як ацэньваеце эфект для брэнду?

— Эфект адчувальны: доля брэнду “Аліварыя” вырасла на 8% паводле дадзеных на снежань 2014 года. Гэта добры камерцыйны паказчык. У рэйтынгу BelBrand ад агенцтва MPP Consulting ТМ “Аліварыя” заняла 4 месца сярод усіх нацыянальных брэндаў і першае – сярод піўных. Паводле ацэнак экспертаў, за 2014 год патэнцыйны рынкавы кошт брэнду павялічыўся з $51 млн да $ 53 800 000. Ёсць у нас даследаванні па так званым здароўі маркі, таксама пазітыўныя. Усе гэтыя дасягненні мы звязваем з пераходам на беларускамоўную камунікацыю.

— Як ставіцеся да таго, што беларускую мову прасоўвае бізнес? Бо на агульнапрынятую думку, гэта задача дзяржавы.

— На маю думку, мову не павінная прасоўваць выключна дзяржава. Тут добры прынцып: "Пачні з сябе". Калі мы самі цікавімся сваёй мовай і культурай, купляем кнігі на беларускай мове, прасоўваем свой бізнес па-беларуску, усе гэтыя адзінкавыя ўчынкі зліваюцца ў агульную тэндэнцыю і ў выніку прыводзяць да пераломных момантаў. Мне здаецца, што сёння інтарэс да беларускай мовы расце. Ёсць адчуванне, што і бізнес, і дзяржава, і грамадства ідуць у адным кірунку.

— Якія сферы бізнесу, на тваю думку, найбольш блізка стаяць да таго, каб прасоўвацца на беларускай мове?

— Я перакананая, што абсалютна любая сфера бізнесу можа стаць беларускамоўнай. Гэтаму ёсць розныя прыклады: і ў рытэйле — “Гiпа,”, і ў тэхналогіях — velcom, Samsung, і ў прасоўванні кафэ і рэстаранаў — “Ў бар”. Гэта цалкам спакойна могуць быць і паслугі, і B2B-бізнес. Тут не можа быць падыходу, пры якім толькі спажывецкія тавары могуць паспяхова камунікаваць на беларускай мове. Жыццё паказвае, што гэта не так.

7696.jpg

— Для “Аліварыі” гэта першы ўдзел у фестывалі AD.NAK! у такім пашыраным статусе — партнёр і ўдзельнік адукацыйнай праграмы. Як ты лічыш, ці ўплывае AD.NAK! на развіццё мовы ў бізнесе?

— На маю думку, стэрэатыпы пра мову ў грамадстве пачалі мяняцца, мякчэць. Стаўленне да яе паляпшаецца. Магчыма, гэта мае асабістыя адчуванні, але я бачу, што так думаюць і іншыя людзі. Многія кампаніі пачалі выкарыстоўваць беларускамоўную камунікацыю. І ў гэтым дакладна ёсць заслуга AD.NAK!, які папулярызуе гэты трэнд у бізнес-асяроддзі.

Гэта па-сапраўднаму крута, што хлопцы і дзяўчаты робяць фестываль ужо шосты год. Я па прафесійнай звычцы маркетолага звярнула ўвагу на стабільны рост колькасці заявак. Гэта сведчыць пра тое, што ўсё больш і больш людзей і брэндаў цікавяцца мовай і культурай. AD.NAK!, без сумневу, абуджае і заахвочвае.

Даведка

Людміла Стручэўская скончыла школу імя Кастуся Каліноўскага ў мястэчку  Свіслач, Гродзенская вобласць, затым ліцэй БДУ, асноўны прадмет — гісторыя, пасля  эканамiчны факультэт БДУ. Любімыя беларускія героі: Кастусь Каліноўскі, Напалеон Орда, Мiхаiл  Агіньскі. Лічыць, што стэрэатып “у Беларусі няма чаго паказваць турыстам” — хутчэй, ад няведання гісторыі. Ганарыцца тым, што яна беларуска, і марыць пра сапраўдны нацыянальны строй Ваўкавыскага рэгіёна.

Гутарыла Ганна Шутава

Фота: Паліна Скараход

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: