Дзяніс Гур’еў: «Трэба нарошчваць беларускую масу кантэнту»

Поделиться

Дзяніс Гур’еў, генеральны дырэктар групы кампаніяў Webcom media, якая штогод падтрымлівае Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!, паразважаў аб тым, што значыць для беларускага бізнесу і рэкламнай прасторы, існаванне Фестывалю, а пра адметнасці і праблемы прасоўвання беларускіх сайтаў у інэрнэце.

Guriev_630.jpg

Байнэт, як мы нядаўна пераканаліся на “Тыдні байнэту”, ужо амаль дагнаў па ўзроўні развіцця “старэйшага брата” – рунэт. Беларускі бізнес шырока прадстаўлены ў інтэрнэце, актыўна ўзаемадзейнічае са спажыўцом і вырашае даволі складаныя маркетынгавыя задачы.

Што тычыцца выкарыстання беларускай мовы, то “Яндэкс” абвясціў аб падтрымцы пошуку па-беларуску даўно — у 2009 годзе. У Мінску паспяхова працуе офіс “Яндэкса”.

Другі пошукавы гігант — Google — лёгка (і цалкам нядрэнна) перакладае на беларускую мову і таксама ўмее шукаць па-беларуску. Аднак калі ўводзіць пошукавыя запыты на беларускай мове, вы знойдзеце зусім няшмат матэрыялаў.

І гэта якраз тая прычына, з якой мы з вялікай цікавасцю ставімся да ўсіх мерапрыемстваў на беларускай мове.

Каб у інтэрнэце можна было знайсці беларускія рэсурсы, яны там павінныя быць — і іх павінна быць шмат. Пытанне пошуку па кантэнце пачынаецца з наяўнасці самога кантэнту. А беларускі кантэнт, на жаль, вельмі невялікі па аб’ёме. І вырашаецца гэтая праблема толькі адным, марудным і даволі стратным, спосабам. Беларускую масу кантэнту трэба нарошчваць. Пастаянна, планамерна, якасна.

Мы таксама робім свой унёсак у “беларусіфікацыю байнэту”. У нашай кампаніі ёсць беларуская версія сайта, якая папаўняецца навінамі адначасова з RU-версіяй. Адзін з нашых цяперашніх праектаў — беларуская версія сайта буйнога беларускага банка. Этап перакладу на родную мову пройдзены, сайт будзе прасоўвацца па беларускіх запытах.

І фестываль AD.NAK! для нас — гэта яшчэ адна крыніца каштоўнага, сакавітага, цікавага беларускага кантэнту. Менавіта таму мы тут, менавіта таму бяром актыўны, а не намінальны ўдзел. Кожны беларускамоўны праект робіць байнэт больш аўтэнтычным, больш моцным і яскравым. Патрыятызм — не пустое слова, за ім павінная стаяць справа.»

Пра Фестываль:

Асноўная канцэпцыя Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! — «Годны шлях рэкламіста». У цэнтры ўвагі сёлетняга Фестывалю — асоба самога стваральніка.

Шосты AD.NAK! запрашае рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў аб’яднаць свае намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!

Дэдлайн прыёму работ — 1 чэрвеня. А фінальная частка Фестывалю — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай — пройдзе 2 ліпеня ў Мінску. Падрабязнасці на сайце Фестывалю.

Маеце пытанні?

Лістуйце на adnak@budzma.org або тэлефануйце:

+375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21.

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: