"Беларуская мова не замінае ствараць партнёрскія праекты з бізнэсам": як у "Нашай Нівы" атрымліваецца "натыўка" з брэндамі

Поделиться

Беларускае выданне "Наша Ніва" апошнім часам актыўна ўзялося за рэалізацыю натыўных спецпраектаў з брэндамі. З якімі цяжкасцямі сутыкаецца рэдакцыя, калі прапануе кампаніям прарэкламацца на старонках беларускамоўнага незалежнага выдання, Marketing.by распытаў у Настассі Роўды, кіраўніцы аддзела рэкламы і маркетынгу "Нашай Нівы".

1383_oooo.plus.png

- Ці ёсць з боку кліентаў непрыняцце прапаноў па рэкламе на беларускай мове? Не пужае "апазіцыйнасць" выдання?

– “Наша Ніва” пятнаццаць год таму і “Наша Ніва” сёння – два розныя выданні, і гэта добра. Мы пастаянна развіваемся, мяняемся разам з часам, ствараем новыя праекты. Толькі за апошні год мы пачалі выдаваць глянцавы папулярны гістарычны часопіс “Наша Гісторыя” і запусцілі праект відэагутарак “Ток” – дарэчы, яшчэ дзве выдатныя пляцоўкі для рэкламы.


Мы ўсцешаныя, што нашы кліенты ўспрымаюць нас як буйное беларускае навіновае медыя з якасным уласным кантэнтам, абсалютна ўнікальнай лаяльнай аўдыторыяй і падзяляюць нашы каштоўнасці: любоў да сваёй краіны, гісторыі, культуры і, безумоўна, мовы. Рэкламавацца па-беларуску – гэта, з аднаго боку, прагрэсіўна, а з іншага – цалкам натуральна.

Сёння многія медыя сутыкаюцца з пэўнай, можна сказаць, праблемай вялікага трафіку з Расіі, які валіцца на беларускія рускамоўныя выданні. У такой сітуацыі прагляды могуць выглядаць нібыта высокімі, а ў рэальнасці працэнт беларускай аўдыторыі – мізэрны. Мы маем 80% трафіку з Беларусі, працуем у першую чаргу на беларусаў – і гэта таксама важна для нашых рэкламадаўцаў.

Мова – наш моцны бок, а не слабы. Гэта дапамагае, а не замінае нам рабіць партнёрскія праекты і працаваць з бізнэсам, які сёння таксама арыентаваны на развіццё Беларусі.

– Наколькі лёгка ў рэдакцыі атрымліваецца рабіць натыўныя рэкламныя праекты?

– Для нашай каманды спецпраекты – магчымасць ажыццявіць амбіцыйныя журналісцкія задумы. Сёння рэпарцёры буйных анлайн-медыя працуюць у звышхуткім тэмпе, пры якім мусяць здаваць па некалькі тэкстаў цягам дня. Яно і зразумела: трафік даюць гарачыя навіны, і на іх выраб у карэспандэнтаў сыходзіць амаль увесь час. На аўтарскія матэрыялы, праекты, якія вымагаюць нашмат большай падрыхтоўкі, звычайна ўжо не застаецца ані часу, ані сілаў, ані жадання.

Таму вялікія натыўныя матэрыялы ў пэўным сэнсе раскоша – адпачынак ад завядзёнкі, нагода зрабіць штосьці новае не толькі ў творчым плане, але і ў тэхналагічным. Выкарыстаць новыя фарматы, сэрвісы, сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі.

Нашы спецпраекты звычайна кладуцца на канкрэтных аўтараў, якім тэма блізкая, цікавая, якія хацелі б з ёй папрацаваць – і рэдакцыя дае такую магчымасць. Напрыклад, над праектам “Белдызайн з rOtring”, дзе мы расказвалі пра дызайн шрыфтоў, лагатыпаў, упаковак, дзе гаварылі пра кніжныя ілюстрацыі, муралы, дызайн будынкаў і нават раёнаў, – працавала наша рэпарцёрка Кацярына Карпіцкая, якая насамрэч была ім захопленая.

screenshot-nn.by-2019.02.14-09-56-59.png

Праект “Гарады Магдэбургскага права з Samsung” рабіў Сяргей Гудзілін, які сам аб’ехаў восем гарадоў, каб стварыць для матэрыялаў мультымедыйныя галерэі. Асабіста я перакананая, што зрабіць добры праект пад прымусам не атрымаецца, мы ўсе гарым нашымі ідэямі.

screenshot-nn.by-2019.02.14-10-00-46.png

Больш за тое, я жартую (але ў гэтым ёсць вялікая доля праўды), што рэкламныя матэрыялы – самыя якасныя на нашым партале. Ніякія іншыя тэксты не праходзяць столькі этапаў вычытак і дапрацовак, паляпшэнняў. У выніку мы маем інфармацыйны прадукт высокага ўзроўню, якім ганарымся і які пры кожнай магчымасці паказваем:

– Якім кампаніям прапануеце натыўныя праекты? Што прапануеце, якія тэмы і фарматы?

– Вялікія натыўныя праекты мы прапаноўваем буйным кампаніям, якія працуюць на імідж, на лаяльнасць, працуюць з успрыманнем свайго брэнда аўдыторыяй, хочуць трансляваць свае каштоўнасці свету.

Мы вельмі добра ведаем сваіх чытачоў, цэнім іх, таму імкнёмся прапанаваць нашым партнёрам такія ідэі, якія ў першую чаргу пазітыўна ўспрымуць наведнікі нашага партала. Праекты мусяць быць такімі, каб аўдыторыі захацелася імі падзяліцца, яны мусяць альбо ўяўляць гістарычную, культурніцкую каштоўнасць, альбо даваць карысную ці новую інфармацыю, альбо забаўляць, даваць чалавеку нагоду ўсміхнуцца, узгадаць прыемныя моманты.

Акрамя таго, мы любім эксперыменты. Напрыклад, лёгка сабраліся “Нашай Нінай” паглядзець паўфінал ЧС па футболе, прарэкламаваўшы пры гэтым дастаўку ежы Gruzin.by.

786a1427517-t0kzv.jpg

Ці дружна перафарбавалі валасы ў сіні, зялёны ды графітавы колеры бальзамамі “Беліты-М” перад Хэлаўінам, ужываючыся ў вобразы бонсціка, супрацоўніка Мінскзеленбуда і беларускай панэлькі.

786a7476-p5ugq.jpg

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: