У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» yзнагародзілі пераможцаў фестывалю Аdnak!
Дата: 9 июля 2010
Автор: Marketing.by
Регион: Беларусь
Тема: Конкурсы
Источник: Marketing.by
Комментарии: 0
Автор: Marketing.by
Регион: Беларусь
Тема: Конкурсы
Источник: Marketing.by
Комментарии: 0
Першы Фестываль беларускамоўнай рэкламы i прамоцыi Adnak!, які распачаў сваю працу 13 мая, завершаны. 7-га ліпеня арганізатары ўзнагародзілі пераможцаў. Цырымонія прайшла ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі рэкламнай галіны Рэспублікі Беларусь, бізнэсу і культурныя дзеячы.
Аргкамітэт Першага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі Adnak! на брыфінгу падвёў вынікі мерапрыемства і аб’явіў, што ўсе асноўныя мэты і задачы фестывалю былі паспяхова дасягнуты і выкананы. Неабходна было не толькі сабраць максімальную колькасць удзельнікаў і работ, але і зразумець, у якім становішчы знаходзіцца гэтая галіна рэкламы, які ў яе патэнцыял, вызначыць шляхі далейшага развіцця.
Ідэя фестывалю належыць агульнанацыянальнай культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая стварае і падтрымлівае мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Арганізацыйным партнёрам фестывалю выступіў спецыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Marketing.by.
«Мы вырашылі не проста сабраць лепшую рэкламу на беларускай мове. Неабходна было паглядзець на мову як сродак паўсядзённай камунікацыі і зразумець, ці ёсць беларуская мова ў рэкламе і ці запатрабаваная яна там, – адзначыла на прэс-канферэнцыі па выніках фестывалю каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская. – Мы задаволеныя тым, што атрымалі пазітыўны адказ».
«Сёння рэклама – гэта частка інфармацыйнай прасторы, у якой жыве чалавек. Ужо ніхто не сумняваецца, што яна аказвае ўплыў на масавую культуру і фарміраванне светапогляду людзей, – упэўнены Сяргей Скараход, кіраўнік спецыялізаванага рэсурсу Marketing.by. – У гэтым сэнсе вынікі фестывалю дазваляюць зразумець, наколькі беларускамоўная рэклама здольная сёння ўплываць на нацыянальную ідэнтыфікацыю беларускага грамадства».
Спаборніцкі акцэнт, які ўласцівы традыцыйным фестывалям рэкламы, быў адсунуты арганізатарамі на другі план. На першым плане была грамадская значнасць гэтага мерапрыемства. І тым не менш журы, у склад якога ўвайшлі многія знакамітыя беларускія рэкламісты, ацэньвала работы па жорсткіх прафесійных крытэрыях.
У асноўныя намінацыі фестывалю было пададзена 105 работ ад 59 удзельнікаў. У конкурсе маладых рэкламістаў прынялі ўдзел 15 работ ад 9 удзельнікаў і каманд-удзельніц.
У конкурснай праграме фестывалю таксама ўзялі ўдзел знакамітыя сусветныя брэнды, якія актыўна ўжываюць беларускую мову ў сваіх камунікацыях. Гэта Samsung, Renault, Ceresit, Adidas, Bosch, Tefal.
Як і чакалі арганізатары, больш за ўсё работ паступіла ў намінацыю «Дызайн (постэры, буклеты, лагатыпы, фірмовы стыль, паштоўкі, календары, сувенірная прадукцыя)», а таксама «Этыкетка і ўпакоўка». Журы гэтых конкурсаў вызначала фіналістаў і пераможцаў у афлайне, так як прадстаўленыя работы трэба было бачыць ужывую.
Арганізатары не памыліліся з конкурсам нерэалізаваных праектаў, у які было пададзена 19 работ. Па меркаванні многіх членаў журы, большасць з іх патрабуе дапрацоўкі, каб разлічваць на практычную рэалізацыю. Аднак сам факт таго, што беларускія рэкламісты актыўна прапануюць працаваць на поле нацыянальнай культуры і мовы, гаворыць аб многім.
Вялікую цікавасць выклікаў конкурс на лепшы пераклад слоганаў замежных брэндаў на беларускую мову. У ім узялі ўдзел 39 чалавек. Журы давялося добра папрацаваць, каб ацаніць кожны з пяці слоганаў па трох крытэрыях.
Важна адзначыць, што да правядзення фестывалю Adnak! адсутнічаў комплексны аналіз і сістэматызацыя беларускамоўнай рэкламы, хаця было відавочна, што інтарэс прафесіяналаў галіны да ўжывання беларускай мовы пастаянна расце. Разам з тым, у асноўнай сваёй масе замоўцы не рызыкавалі ўжываць яе ў рэкламных камунікацыях: пад пытанне ставілася эфектыўнасць гэтага інструмента. Матэрыялы, сабраныя на фестывалі Adnak!, даюць багатыя дадзеныя для аналізу і пацвярджэння таго пункту гледжання, што беларускамоўная рэклама з’яўляецца перспектыўнай і актуальнай і дае шырокія магчымасці для эфектыўнай камунікацыі.



























Вiдэарэпартаж «Нашай Нiвы»
Матэрыялы па тэме:
|
|
|
Добавить в  
|
