Хто такія беларусы – на сёння ў Беларусі пытанне адкрытае
Дата: 12 октября 2009
Автор: Марына Загорская
Регион: Беларусь
Тема: PR
Источник: Заўтра тваёй краіны
Комментарии: 1
Автор: Марына Загорская
Регион: Беларусь
Тема: PR
Источник: Заўтра тваёй краіны
Комментарии: 1
Асноўная праблема, якую неабходна вырашыць у бліжэйшы час беларусам, каб захаваць сваю прысутнасць у свеце – вызначыцца са станам нацыянальнай ідэнтыфікацыі, лічаць эксперты.
— Рэспубліка Беларусь ужо 18 гадоў мае сваю незалежнасць, але дагэтуль не даследавалася грунтоўна, кім усведамляюць сябе сучасныя беларусы, якія сімвалы, брэнды, фрагменты гістарычнай памяці з’яўляюцца найбольш агульнымі для жыхароў краіны, — гаворыць кіраўнік Міжнароднага грамадскага аб’яднання "Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская.
Хтосьці пачувае сябе «белым рускім». Для іншага гісторыя нацыі пачынаецца з Францішка Багушэвіча. Адзін жыве ў каардынатах БССР. Другі ўзгадвае Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Апошнім часам у інтэлектуальных колах набывае моц рух, які звязвае паходжанне беларусаў з першымі згадкамі пра Літву 1000 год таму.
Праблемы з нацыянальная ідэнтыфікацыяй, якія існуюць, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка звязвае з тым, што сам працэс фарміравання беларускай нацыі на сёння яшчэ не завершаны. Ён меў пэўныя перапынкі і падпадаў пад занадта моцныя негатыўныя ўздзеянні.
— Як у беларускім замежжы, так і ў беларускай метраполіі самая вялікая праблема — каб беларусы ўсвядомілі сябе беларусамі, не губляліся ў іншакультурным, іншамоўным асяроддзі, — лічыць Наталля Гардзіенка.
Гэта залежыць шмат ад якіх фактараў: ад бацькоў, выхавання, адукацыі, якую чалавек атрымлівае, і ад самога чалавека, наколькі ён гатовы да таго, каб адрознівацца ад іншых сваёй беларускасцю, паказваць яе ўсім, прапагандаваць. На радзіме рабіць гэта бывае не менш складана, чымсьці ў замежжы.
— Адсюль такі невялічкі адсотак свядомых беларусаў і тут, і ў дыяспары, — адзначае гісторык. — У замежжы гэта відаць асабліва на прыкладзе дыяспар на Захадзе, якія ўжо маюць 60-гадовую гісторыю і дзе сёння востра стаіць праблема змены пакаленняў, калі нашчадкі эмігрантаў вельмі мала цікавяцца сваім паходжаннем, грамадскай працай, беларускай культурай і амаль адзінкі разумеюць і могуць размаўляць па-беларуску.
Беларуспаміж «саўком» іеўрапейцам
— Для мяне беларус — гэта не этнічнае паходжанне. Гэта самыідэнтыфікацыя чалавека з гэтай зямлёй, — гаворыць адзін з ініцыятараў грамадскай кампаніі «Будзьма!» Севярын Квяткоўскі.
Падчас даследавання, прысвечанага праблеме самаідэнтыфікацыі беларусаў, праведзенага лабараторыяй «НовАК» у сакавіку бягучага года, высветлілася, што колькасць тых, хто асацыюе сябе з грамадзянінам, жыхаром Беларусі ці беларусам па нацыянальнасці, у некалькі разоў перавышае такую ідэнтыфікацыю, як савецкі чалавек. Еўрапейская арыентацыя таксама істотна ніжэйшая, чымсьці арыентацыя прабеларуская.
— Прычым, альбо еўрапейцамі, альбо савецкімі людзьмі лічыць сябе прыкладна аднолькавая колькасць апытаных, —— падкрэслівае кіраўнік лабараторыі «НовАК», доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі. —— Мы можам зафіксаваць дамінанту беларускай арыентацыі. І адрыў даволі істотны: у 3,5 разы ад еўрапейскай арыентацыі, у 4 разы — ад самаідэнтыфікацыі ў якасці савецкага чалавека.
У той жа час тры пазіцыі самаідэнтыфікацыі — жыхар Беларусі, беларус і грамадзянін Беларусі маюць прыкладна аднолькавы ўзровень — каля 50 адсоткаў.
Палітолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць «вельмі нядрэнным», калі палова беларускага насельніцтва дакладна ідэнтыфікуе сябе з гэтай зямлёй.
— Гэтая тэндэнцыя прасочвалася і ўжо некалькі гадоў таму падчас нацыянальнага апытання, якое праводзіў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, але гэта ніяк не паўплывала на змены ў культурнай і грамадскай палітыцы, —— адзначае Уладзімір Мацкевіч.
Эксперт «Заўтра тваёй краіны» лічыць, што многія грамадскія рэформы прамаруджваюцца менавіта з-за таго, што беларусаў па старой звычыцы лічаць «саўкамі».
— Несавецкі менталітэт беларусаў відавочны. Гэта патрабуе падтрымкі і ўвагі. А таксама зменаў ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства, асабліва ў адукацыі і палітыцы, —— адзначае Уладзімір Мацкевіч.
Амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан упэўнены, што беларусы — нацыя такая ж, як і ўсе еўрапейскія. Уласнай культурай, гісторыяй і, натуральна, мовай яны здольныя ўзбагаціць еўрапейцаў. Але перш-наперш трэба адчуць сябе беларусамі.
-— Потым можна ісці да еўрапейскасці, лічыць сябе грамадзянінам свету, а для пачатку ўсё ж такі чалавек павінен мець прыналежнасць да якой-небудзь нацыі. Гэта, канешне, вельмі істотна, —— адзначае спадар Эрыксан.
Якія ў беларусаў асацыяцыі з незалежнасцю
У той жа час найбольш значнымі для сябе падзеямі беларусы лічаць не даты далёкай беларускай гісторыі, а святы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной.
-— Менавіта дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а не дзень заснавання Беларускай народнай рэспублікі ці БССР, дзіўным чынам зліўся ў масавай свядомасці з уяўленнем аб незалежнасці Беларусі, —— гаворыць доктар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі, падкрэсліваючы, што і да вайны і пасля яе Беларусь была і засталася савецкай.
І хоць 3 ліпеня 1944 года краіна не змяніла свайго статуса, як, да прыкладу, 27 ліпеня 1990 года, калі была абвешчаная Дэкларацыя аб суверэнітэце, менавіта канкрэтная вайсковая аперацыя чамусьці асацыюецца ў беларусаў з незалежнасцю.
Такі парадокс ніколькі не здзіўляе кіраўніка праекта «PR CORPO» піяр-кансультанта Андрэя Эзэрына. На ягоную думку, сёння лёс краіны вызначаюць дзеці пасляваеннага пакалення, калі ў падручніках гісторыя пачыналася з перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, усе чыталі кнігі і глядзелі фільмы пра вайну.
— Менталітэт беларусаў мяняецца вельмі марудна, —— канстатуе піяр-кансультант. — Ваенная тэматыка і сёння дамінуе і шмат што вызначае ў жыцці беларусаў. Пакуль яна адыйдзе ў нябыт, зменіцца шмат пакаленняў, бо на тутэйшай зямлі існуе пэўны культ вайны.
Што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі
— Прынамсі, мова (нават калі вы ў штодзеннасці яе не ўжываеце, але ставіецеся да яе пазітыўна, з павагай) — гэта мінімум тое, што можа яднаць розных беларусаў. Мова і павага да зямлі, на якой жывеш, —— гаворыць Севярын Квяткоўскі.
Між тым, толькі 4,4% апытаных у сакавіку лабараторыяй «НовАК» лічаць беларусам найперш таго, хто гаворыць па-беларуску.
— Гэта сведчыць пра тое, што мова не з’яўляецца галоўным крытэрыем беларускасці, істотным індыкатарам прыналежнасці да беларускай нацыі, — канстатуе Андрэй Вардамацкі.
Кіраўнік «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская называе пытанні мовы і культуры самымі праблемнымі ў звязку з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй беларусаў. Наталля Гардзіенка ўпэўненая, што фарміраванне нацыі немагчымае без прапаганды беларускай культуры на дзяржаўным узроўні.
— І беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай, бо сённяшяне дзвюхмоўе ў Беларусі — гэта рэч намінальная. Сёння пануе руская мова, — канстатуе гісторык.
Але, на думку Алены Макоўскай, сказаць, што тыя людзі якія не ведаюць мову, не з’яўляюцца патрыётамі Беларусі, таксама немагчыма. «Не хацелася б дзяліць нашу Беларусь на беларускамоўную і рускамоўную», — падкрэслівае кіраўнік «Бацькаўшчыны».
Сёння ў Беларусі сітуацыя застаецца досыць складанай. Усё, што звязана з беларускім, яшчэ з часоў СССР асацыюецца з чымсьці адсталым, вясковым. Калі ўзгадаць 1990-я гады, была пэўная варожасць да беларускай мовы, супрацьстаянне грамадства на моўнай глебе.
-— На сёння мы можам сказаць, што большасць людзей пазітыўна ставіцца да беларускай мовы, але не бачыць за ёй будучыні і перспектывы, — гаворыць Алена Макоўская. — Мова для беларусаў — музейная каштоўнасць, якую трэба захоўваць. І на маю думку, гэта няправільная пазіцыя, таму што сёння інтэлектуальная Беларусь развіваецца якраз у беларускамоўнай сферы.
Там, дзе беларусы аб’ядноўваюцца вакол якой-небудзь ідэі — узнікаюць і магчымасці для прасоўвання нацыянальных культурных прадуктаў, поглядаў, каштоўнасцяў. Усебеларуская кампанія «Будзьма!» гэта пацвярджае.
— Калі прыязджае Зміцер Вайцюшкевіч у Лоеўскі раён Гомельскай вобласці, куды мала што даходзіць апроч двух каналаў не самай якаснай культурнай, не самай шчырай палітычнай і сацыяльнай інфармацыі, збіраецца поўная зала цётачак. Адны з іх галасуюць за ўладу цяперашнюю. Другіх суседзі называюць апазіцыянеркамі. І ўсе разам яны атрымліваюць задавальненне ад выступу на беларускай мове сучаснага па-еўрапейску якаснага выканаўцы. Зміцер сваёй сучаснасцю, якаснасцю і беларускасцю аб’ядноўвае самых розных людзей, — распавядае Севярын Квяткоўскі.
Менавіта правядзенне кампаніі «Будзьма беларусамі!» прадэманстравала высокую запатрабаванасць беларускай культуры сярод насельніцтва краіны і прывяло да высновы пра неабходнасць больш грунтоўнага вывучэння стану нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
— Прыспеў час вызначыцца з тым, хто такія мы, беларусы, і дзе мы знаходзімся, што створана за гады незалежнасці, — гаворыць Алена Макоўская.
У супрацоўніцтве з грамадскай кампаніяй, лабараторыя аксіяметрычных даследаванняў «НовАК» і «Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў» (Літва) правялі даследаванне сучаснага стану і тэндэнцый развіцця этнічнай ідэнтычнасці беларусаў, уплыву, які аказвае гэтае развіццё на дынаміку палітычных і грамадскіх працэсаў у краіне. Вынікі гэтага даследавання будуць прэзентаваныя 12 кастрычніка.
— У даследаванні шмат нечаканасцяў, — прызнаецца спадарыня Макоўская. — Але менавіта веданне рэальнай сітуацыі дазваляе рухацца далей.
Севярын Квяткоўскі адзначае, што акрамя павагі да мовы, гісторыі і культуры, беларусаў яднае агульнае бачанне будучыні краіны.
-— Маіх аднадумцаў яднае погляд на Беларусь як на еўрапейскую краіну, — адзначае Севярын Квяткоўскі. — Але я не думаю, што мы можам ахапіць гэтай ідэяй 7 мільёнаў дарослага насельніцтва. Прынамсі, сёння.
Перспектывы фарміравання беларускай нацыі эксперты «Заўтра тваёй краіны» звязваюць з прадстаўнікамі сучаснай моладзі,
— Якія размаўляюць па-беларуску і не хаваюць гэтага, якія паўсюль гавораць, што яны беларусы і не саромеюцца гэтага, — гаворыць Наталля Гардзіенка. На думку гісторыка, такіх становіцца ўсё болей.
|
|
|
Добавить в  
|
