Як MOVABOX ад velcom здолеў змяніць стаўленне да беларускай літаратуры і прыцягнуць тысячы ўдзельнікаў

Поделиться

Яшчэ ў мінулым годзе кампанія velcom запусціла маштабную ініцыятыву, накіраваную на падтрымку беларускай культуры, мовы і літаратуры. MOVABOX змяніў стэрэатыпнае ўспрыманне сучаснай беларускай літаратуры і прыцягнуў да ўдзелу тысячы чалавек.

Кліент:

мабільны аператар velcom.

Бэкграўнд: 

Сучасная беларуская літаратура – якая яна? Хтосьці ўпэўнена адкажа: нудная. А нехта з захапленнем пачне цытаваць дзённікавыя гісторыі Горвата. На жаль, такіх людзей будзе меншасць. Што ж тычыцца большасці, то яны ўпэўнены: беларускія кнігі распавядаюць пра вайну і партызанаў і не падаюцца нечым цікавым. Але ж гэта не так!

Задача:

Распрацаваць маштабны інтэграваны праект, накіраваны на падтрымку беларускай літаратуры і культуры. Дзейнасць у гэтым напрамку з'яўляецца важнай часткай карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom. Сярод іншых праектаў мабiльнага аператара аналагічнага кшталту – адукацыйная ініцыятыва «Чытаем па-беларуску з velcom», праект «Музей дзецям з velcom», падтрымка праграмы «Падарожжа дылетанта» і іншыя.

Мэта:

Змяніць стэрэатыпнае ўспрыманне сучаснай беларускай літаратуры, данесці, што яна актуальная, смелая, натхняльная і цікавая – якой насамрэч яна і з'яўляецца.

Ідэя: 

Як завалодаць увагай карыстальнікаў? Зрабіць нешта неверагоднае! Матэрыялізаваць тое, што дагэтуль не было адчувальным. Напрыклад, змесціва кніг. Запрасіць у інтэрактыўныя прыгоды па кніжных старонках. Даць адчуць пах шчасця або смак радасцi. Ці, напрыклад, выдаць карту падарожжаў герояў. Або падарыць магніцік з горада, які існуе толькі ў фантастычным свеце адной з беларускіх кніг.

А яшчэ лепш сабраць усе гэтыя прадметы ў літаратурны набор. Дапоўніць яго кнігай. Абклеіць стужкай. Выдаць абмежаваным накладам. А затым разыграць сярод усіх тых, каго цікавяць кніжныя прыгоды.

Што ж, так і трэба зрабіць!

Літаратурныя наборы атрымалі назву MOVABOX і сталі нагодай распачаць вялікую размову пра сучасную беларускую літаратуру.

007.png

  Лiтаратурныя скрынi MOVABOX нельга купіць. Iх можна толькі выйграць

Рашэнне:

Усё пачалося з невялікіх крокаў: запрашэння карыстальнікаў на сайт праекта movabox.by для праходжання тэсту, у якім не было правільных ці няправільных адказаў, а быў толькі інтрыгуючы вынік: на каго з герояў кнігі ты падобны? Які твой тып паэтычнага хуліганства? Як выглядае твой шлях да ўнутранага космасу?

Сярод тых, хто прайшоў тэст на сайце і пакінуў свае кантактныя дадзеныя, разыгрывалiся скрынi MOVABOX.

Тэсты рыхтаваліся па матывах сучасных беларускіх кніг: фантастычных «Прыгод студыёзуса Вырвiча» Людмілы Рублеўскай, моўнай фантасмагорыі «Дзецi Алiндаркi» Альгерда Бахарэвіча, зборніка хуліганскай паэзіі «Дзяцел i дупло» Віктара Жыбуля і дзённікавай аповесці «Радзiва «Прудок» Андруся Горвата. Кожная з кніг станавілася «гаспадыняй» сайта movabox.by на 6 тыдняў.

mb_01.png

mb_02.png

Выгляд сайта MOVABOX падчас першага флайту праекта, прысвечанага кнiзе «Прыгоды студыёзуса Вырвiча» Людмілы Рублеўскай

mb.png

Змесціва скрынi MOVABOX, прысвечанай кнiзе «Прыгоды студыёзуса Вырвiча» Людмілы Рублеўскай

Аўтары кніг станавіліся суаўтарамі праекта: прапаноўвалі прадметы ў літаратурны набор, ідэі для пытанняў тэсту. А ў некаторых выпадках нават пісалі тэкст вынікаў (звярніце ўвагу на тэст паводле кнігі «Дзяцел і дупло», вершы для якога напісаў Віктар Жыбуль).

«Кожнаму з нас неабходны той маленькі хуліган, які ўвасабляе сабой уменне ўспрымаць нават «дарослую » рэальнасць з цікавасцю, непасрэднасцю, адкрытасцю. Які жыве ў кожным з вершаў, якія ўвайшлі ў зборнік «Дзяцел і дупло ». Таму мне так імпануе праект MOVABOX – у першую чаргу сваім імкненнем абнавіць успрыманне беларускай літаратуры, пазбавіцца ад існуючых у яе дачыненні штампаў і клішэ», – адзначае Віктар Жыбуль.

008.png

Вiктар Жыбуль перадае кiраванне MOVABOX Андрусю Горвату з дапамогай радзіва «Прудок» (на стуле)

«Галоўнае, што робіць праект MOVABOX, – ён дапамагае сучаснай беларускай літаратуры існаваць для сапраўднага, а не ўяўнага чытача. Толькі так напісанае слова застаецца жывым: калі знаходзяцца тыя, хто прачытае і зразумее яго», – расказвае Альгерд Бахарэвіч.

Аўтарка першага MOVABOX Людміла Рублеўская таксама дзеліцца ўражаннямі: «Я ўдзячная праекту за саму ідэю наблізіць беларускую літаратуру да чытача з дапамогай нечаканага фармату камунікацыі. У тым, што гэта працуе, я пераканалася на ўласным вопыце: лепшым доказам для мяне сталі ўсе тыя добрыя словы і станоўчыя водгукі, якія я пачула ад знаёмых і незнаёмых людзей за апошнія тыдні».

009.png

Лiтаратары i ўдзельнiкi праекта Альгерд Бахарэвіч i Людміла Рублеўская

«Шукаць шчасце, шукаць сябе, сваё месца ў гэтым свеце і свой Космас унутры – хіба не гэтым займаецца кожны з нас вялікую частку жыцця? І галоўнае, што робіць нацыянальная літаратура, – дапамагае гэта месца знайсці і ўсвядоміць. А праект МOVABOX адыгрывае важную ролю, падтрымліваючы «свае» агульныя карані, пераемнасць мінулага, сучаснасці і будучыні. І я вельмі ўдзячны за магчымасць паўдзельнічаць у ім», – адзначае Андрусь Горват.

7.jpg

Спектакль паводле кнігі Андруся Горвата з удзелам аўтара стаў часткай адной з прэс-канферэнцый праекта

006.png

Што было ўнутры скрынi MOVABOX?

У скрынi MOVABOX былi пакладзены незвычайныя прадметы з лiтаратурнага света. Напрыклад, у MOVABOX па кнізе «Радзiва «Прудок» Горвата трапіла банка варэння, зваранага культуролагам Максімам Жбанковым, прабірка з пахам шчасця, пакецік з семкай, якую можна пасадзіць у гаршчок – каб карані не толькі памятаць, але і бачыць, – і іншыя не менш цікавыя рэчы.

003.png

Паслухайце расказ Андруся Горвата пра змесціва чацвёртага MOVABOX 

PR-падтрымка

Канцэпцыя PR-суправаджэння праекта MOVABOX прадугледжвала афлайн-актыўнасці з удзелам аўтараў і чытачоў, мерапрыемствы для прэсы і дадатковыя літаратурныя промаакцыі.

Праз некаторы час пасля запуску сайта праект выйшаў за межы інтэрнэту. У кафэ сямі гарадоў Беларусі з'явіліся 20 паліц беларускамоўнага буккросінгу для абмену сучаснымі беларускімі кнігамi.

9.JPG

10.JPG

«Творы сучасных беларускіх аўтараў заслугоўваюць таго, каб іх чыталі, як заслугоўвае гэтага і беларуская літаратура наогул. Стартам беларускамоўнага буккросінгу ў праекце MOVABOX мы імкнёмся дапамагчы кнігам прыйсці да свайго чытача. Яшчэ адна мэта – паказаць разнастайнасць і шматграннасць беларускага літаратурнага працэсу», – распавядае Вячаслаў Смірноў, кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom.

004.png

На мапе адзначаны мінскія кавярні, якія ўзялі ўдзел у беларускамоўным буккросінгу. Поўны спіс кропак з усталяванымі палічкамі – на сайце MOVABOX

Таксама па вынiках кожнага этапа адзiн выпадкова выбраны пераможца з 20 уладальнiкаў MOVABOX меў шанц сустрэцца з аўтарам. Падчас сустрэч адбывалicя цікавыя размовы наконт стану сучаснай беларускай літаратуры, стаўлення да яе ў навучальных установах, пра пераклады твораў на розныя мовы і пра тое, як пісьменнікi знаходзяць ідэі для сваiх твораў.

005.png

Падчас другога этапа MOVABOX стаў даступны і юным чытачам. Для маленькіх аматараў чытання была арганiзавана сустрэча з Вольгай Гапеевай, аўтаркай кнігі апавяданняў для дзяцей «Сумны суп». Акрамя знаёмства з пісьменніцай і героямi яе кнігі юныя ўдзельнікі сустрэчы пабудавалі сімвалічную «вежу сяброўства» з канструктара і даведалiся пра буккросінг i праект MOVABOX.

13.jpg

14.jpg

Адмыслова для трэцяга этапа праекта MOVABOX быў распрацаваны «артэфакт» па кнізе для ўсіх жадаючых – унікальная налепка MOVABOX. Атрымаць яе можна было ў кнігарнях Мінска пры набыцці любой беларускамоўнай кнiгі.

15.jpg

Вобраз беларускай літаратуры

Але як зразумець, ці змяніў праект MOVABOX стаўленне да беларускай літаратуры? Ці зрабіў ён яе больш прывабнай і пазнавальнай? Для вырашэння гэтай задачы перад стартам праекта сярод карыстальнікаў сацсетак было праведзена апытанне. А пасля завяршэння праекта аналагічнае апытанне прайшло паўторна.

Эксперымент дазволіў атрымаць уяўленне пра тое, ці атрымалася ў арганізатараў праекта змяніць існуючае ўяўленне пра беларускую літаратуру.

16.jpg

Змiцер Курловiч прадстаўляе адноўлены вобраз беларускай лiтаратуры

«Як вы бачыце, вобраз значна актуалізаваўся, – расказвае кіраўнік аддзела брэнд-менеджменту velcom Зміцер Курловіч. – Самае важнае і цікавае: сярод герояў сучасных беларускіх кніг, якіх называлі ўдзельнікі нашага апытання па завяршэнні праекта MOVABOX, з’явіўся «чалавек у пошуках сябе». У візуалізацыі ў нашага героя з’явіўся кубачак кавы, гальштук, афіцыйны касцюм і нават майка-вышыванка. З усімі гэтымі атрыбутамі вобраз сучаснай беларускай літаратуры зрабіўся па-сапраўднаму пазнавальным, падобным да нас з вамі. Ну а вусы і акуляры – у каго іх сёння няма?»

mb_info.png

MOVABOX істотна паўплываў на ўспрыманне сучаснай беларускай літаратуры: значна змяніўся спіс пісьменнікаў, якіх удзельнікі апытання называлі ў якасці знаёмых. У топ увайшлі імёны ўсіх аўтараў-удзельнікаў MOVABOX.

Вынікі:

  • Было апублікавана больш за 350 друкаваных матэрыялаў у СМІ і больш за 370 матэрыялаў СМІ ў сацсетках.
  • Сайт movabox.by наведалі амаль 50 000 чалавек.
  • Усе 4 тэсты пачалі больш за 20 000 чалавек.
  • А ўдзел у розыгрышы MOVABOX прынялі больш за 9000 чалавек. Каб лепш было гэта ўяўляць, можна падлічыць: у кнігах чатырох аўтараў праекта прыкладна 830 старонак. Кожны карыстальнік сайта прачытаў кнігу хаця б аднаго з аўтараў. Атрымліваецца, што за праект было прачытана амаль 2 мільёны старонак!

Каманда праекта:

Літаратары

Людміла Рублеўская
Альгерд Бахарэвіч
Віктар Жыбуль
Андрусь Горват

velcom

Зміцер Курловіч, Валерыя Крэменецкая, Зоя Галькевіч – менеджмент (аддзел брэнд-менеджменту)
Вячаслаў Смірноў, Дар'я Пракаповіч, Віктар Пазднякоў – менеджмент (PR-аддзел)

getbob

Ілля Кухараў, Дар'я Кароль, Павел Фамін, Кацярына Саковіч – крэатыўная ідэя
Аляксей Стрэльнікаў, Дзіма Буцер – капірайтынг
Зміцер Краўчанка – распрацоўка дызайн-канцэпцыі; дызайн, ілюстрацыі
Аляксандр Якаўлеў – прадакшан-менеджмент
Наташа Іваноўская, Таня Бабушкіна, Воля Самойлава, Каця Нявінская –менеджмент праекта
Андрэй Багач – SMM-менеджмент

ARS Communications

Віктар Елістратаў, Павел Астапенка, Ксенія Крылова, Вольга Кузеева – PR-канцэпцыя
Ксенія Крылова і Вольга Кузеева – PR- і event-суправаджэнне
Яўгенія Караткова – капірайтынг



Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: