Success story на фоне Вялікай Гісторыі: кейс распрацоўкi сайта для «Лідскае піва» ад Red Graphic

Поделиться

Новы сайт для “Лідскага піва” lidskae.by быў распрацаваны студыяй Red Graphic, у аснове канцэпцыi пляцоўкi - гісторыя завода ў Лідзе. Як усе адбывалася  - чытайце ў пашыраным кейсе. 

07.png

Кліент  

ААТ «Лідскае піва» — легендарнае беларускае прадпрыемства, на якім вараць піва «ЛІДСКАЕ», Koronet, Warsteiner, Sandels, «Калекцыю майстра», сідр Fizz, самы любімы беларусамі «Лідскі квас» і выпускаюць напіткі брэнда Pepsi. 

Задача  

Прыдумаць, якім павінен быць новы сайт «Лідскага». Напісаць, зняць, адрэдагаваць, намаляваць, звярстаць, запраграміраваць — увасобіць у жыццё. 

Работы 

Канцэпцыя. Дызайн. Візуальны матэрыял: фатаграфіі, ілюстрацыі. Тэксты на беларускай і рускай мовах. Праграміраванне. Вёрстка. Тэсціраванне.    

Канцэпцыя

Захапляльная гісторыя завода ў Лідзе — ключ да ідэі сайта. Коратка. 1876 год, Носель Пупко пачынае варыць піва ў Лідзе. Лакальны стартап вырастае ў фірму, якой даюць узнагароды на модных еўрапейскіх выставах рубяжа вякоў. У кампанію прыходзяць сыны. Хутка піва вараць у Лідзе столькі, колькі нідзе на тэрыторыі Беларусі. Мінск адпачывае. А потым. Першая сусветная і першы безалкагольны вопыт, квас для чырвонаармейцаў, цяжкія дні польскай акупацыі, фашысты ў горадзе, партызаны на провадзе, англійскія шпіёны на савецкім банкеце пад роў сакрэтных самалётаў, а піва «Лідскае» — выдатны савецкі брэнд… Мы выявілі прыгодніцкі сюжэт жанру нон-фікшн. Галоўныя героі: лідска-яўрэйскія і лідска-савецкія півавары. Success story на фоне Вялікай Гісторыі.

Што мы з усім гэтым зрабілі?  

Галоўная старонка сайта — працяглая гістарычная таймлайн-панарама. Метафару «гістарычны фон» мы вырашылі прачытаць літаральна. Мастак Лёша Лімонаў (прапіска — Ліда) намаляваў «доўгі» горад. Ідуць гады — мяняецца ландшафт, на ім дзейнічаюць сучасныя героі. Чытач можа рухацца лінейна. Пераходзіць ад артэфакта да артэфакта, ад персанажа да персанажа, ад эпохі да эпохі. А можа ныраць з галоўнай у «Гісторыю» і падрабязна вывучаць сюжэты, анекдоты, падзеі, лічбы.

lidskae (1).gif

Мы стрэслі пыл з музейных старажытнасцей: піўных бутэлек, этыкетак, старых фатаграфій, схем i планаў, медалёў і лагатыпаў. Размаўлялі з гісторыкамі, чыталі рукапісы і pdf, наводзілі даведкі. У выніку да вялікай «Гісторыі» прыраслі раздзелы «Піўны архіў» і «Узнагароды». Першы збірае гісторыі і малюнкі пра гатункі піва, якія завод кладзе на паліцу. Другі — летапіс перамог і ганаровых адзнак на конкурсах.

05.png

Пра сучаснае насычанае жыццё прадпрыемства расказваюць адразу два раздзелы. У #Лідскім — усё лідскае, мясцовае і матэрыяльнае. У «Праектах» — святы, фестывалі, конкурсы і іншыя падзеі, якія ініцыіруе піўзавод.

Раздзел «Піва і напіткі» ператварыўся ў падрабязны даведнік па ўсім піве, квасе і напітках. Кожны прадукт атрымаў асабістую картку-дасье і новую фатаграфію. Усё ў адзіным стылі.

02.png

03678.png

04.png


Інструментальная задача: на lidskae.by можна запісацца на экскурсію, запоўніўшы невялікую анкету. А яшчэ пакінуць рэзюмэ і расказаць пра сябе, калі хочаце працаваць з легендарным піўным брэндам Беларусі.

06.png

«Мінулая версія сайта адкрылася ў 2011 годзе. За гэты час яна састарэла і перастала спраўляцца з усімі ўскладзенымі на яе задачамі. Цяпер сайт не толькі абнавіўся знешне, але і перайшоў на дамен lidskae.by — і адразу запрацаваў у беларускамоўнай версіі. Гэтыя змяненні вельмі важныя для нас. Даменнае імя і сайт на беларускай мове падкрэсліваюць карані кампаніі і адсылаюць да флагманскага піўнога брэнда «ЛІДСКАЕ». Частка прадуктаў ААТ «Лідскае піва» — піва «ЛІДСКАЕ» і крафтавая «Калекцыя Майстра» — ужо «камунікуюць» са спажыўцом па-беларуску. Новы сайт будзе развіваць нашу карпаратыўную сацыяльную місію па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў кампаніі і за яе межамі», — кажа Ірына Капілава, дырэктар па маркетынгу ААТ «Лідскае піва».

Людзі пішуць у сацыяльных сетках: «Выдатны прадукт, выдатная рэклама, выдатная праца прафесіяналаў» і «Файны сайт! Лідскае — лепшае! Поспехаў!» Дзякуй ім за тое.  

Цітры

Кіраванне праектам

  • Ірына Капілава, дырэктар па маркетынгу ААТ «Лідскае піва».
  • Наталля Яфімкіна, менеджар па карпаратыўных камунікацыях ААТ «Лідскае піва».
  • Надзея Мікалаева, спецыяліст па карпаратыўных камунікацыях ААТ «Лідскае піва».
  • Надзя Зелянкова, дырэктар Red Graphic.
  • Таня Рагоўская, дырэктар па рабоце з кліентамі Red Graphic. 

Канцэпцыя, ідэі, дызайн, словы

  • Захар Шлімакоў, арт-дырэктар Red Graphic.
  • Дзяніс Клявіцкі, крэатыўны дырэктар Red Graphic.
  • Саша Якаўлеў, праектаванне.
  • Сяргей Грыдзюшка, дызайн. 

Малюнкі і фатаграфіі 

  • Лёша Лімонаў, ілюстрацыі.
  • Ян Карпаў, фатаграфіі. 

Праграміраванне і вёрстка 

  • Аляксей Русецкі, тэхнічны дырэктар Red Graphic.
  • Жэня Голубеў, праграміраванне.
  • Іван Пасечны, вёрстка. 

І Валерый Сліўкін — падрабязныя гістарычныя кансультацыі.

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: