Мапа ў выглядзе зубра и аўтаквэст з блогерамі: Як А-100 і getbob digital agency правялі «Фестываль бензіну»

27 Июня 2018 2694 0 Креатив Нестандарт
Поделиться

Унікальны маршрут у 368 кіламетраў у выглядзе зубра, мапы падарожжаў па Беларусі, новы сэрвіс для пошуку спадарожнікаў і аўтаквэст з блогерамі ў прамым эфіры – у Мінску ўпершыню прайшоў «Фестываль бензіну А-100», які аб’яднаў у адным праекце тэхналогіі і эмоцыі. 

Мэты кампаніі:

  1. Далучыць кліентаў да ўзаемадзеяння з брэндам.
  2. Узняць лаяльнасць кліентаў да кампаніі дзякуючы ўдзелу ў актыўнасцях, наўпрост не звязаных з набыццём паліва.
  3. Зрабіць кліентаў шчаслівымі праз новыя эмоцыі і натхненне на падарожжы.

Задачы агенцтва:

  1. Распрацаваць інтэграваную кампанію, з дапамогай якой прыцягнуць увагу да актыўнасці брэнда.
  2. Выкарыстаць святочную нагоду і тэхналагічны падыход пры распрацоўцы кампаніі. 
  3. Распрацаваць унікальны інтэрактыўны шматканальны кантэнт для сацсетак А-100.

Мэтавая аўдыторыя:

Дапытлівыя, пазітыўныя беларусы 25–35 год. Вольны час бавяць з сям’ёй, любяць выбрацца на выходныя на прыроду. Цікавяцца тэхналогіямі на карыстальніцкім узроўні.

Перыяд правядзенея: красавік

Ідэя: Фестываль бензіну А-100

Важна далучацца не толькі да тых дат, якія ўжо ёсць у календары, але і ствараць уласныя святы, каб паўней спазнаваць жыццё. Як спазнаць Беларусь лепш? Падарожнічаць! 

Ідэю «Фестывалю бензіну» падказалі лічбы календара: 2 красавіка – 92-гі дзень года, 5 красавіка – 95-ты дзень года, 10 красавіка – 100-ты дзень года – дні, якія адпавядаюць лічбам найбольш распаўсюджаных маркіровак бензіну.


2 красавіка: мапы #падарожжазА100

На першым этапе фестывалю прапаноўвалася праверыць, куды можна заехаць усяго на адным баку бензіну.

Для гэтага распрацавалі 4 маршруты і 4 мапы (+1 дадатковую), па якіх кожны беларус мог здзейсніць падарожжа. Мапы змяшчаюць QR-код са спасылкай на сайт АЗС А-100.

На сайце размешчаны 4 артыкулы з падрабязнай інфармацыяй пра ўсе выдатныя мясціны ў кожным маршруце. Усе артыкулы пра маршруты напісаны на дзвюх мовах: рускай і беларускай.

Мапы ў фармаце А0 былі размешчаны на 15 АЗС А-100 на працягу красавіка: 4 маршруты па асноўных напрамках з горада + адна агульная мапа для цэнтральных АЗС.

Хэштэг #падарожжазА100 аб’ядноўваў усе публікацыі пра фестываль у сацсетках.


Той, хто паехаў у падарожжа па мапе, мог падзяліцца фотаздымкамі ў сацсетках і атрымаць кнігу па гісторыі АЗС у Беларусі, у якой адлюстравана поўная хроніка развіцця аўтазаправачнай галіны ў Беларусі з архіўнымі фотаздымкамі і ўнікальнымі фактамі. 


5 красавіка: «Бензіндар»

Другі этап фестывалю – 5 красавіка. У гэты дзень на дзвюх АЗС А-100 працаваў «Бензіндар» – «сэрвіс» па падборы спадарожнікаў для будучага аўтаквэсту (3-га этапу). 

На АЗС былі ўсталяваны фотабудкі. Кожны ўдзельнік фестывалю мог зрабіць уласнае фота і кінуць яго ў адну са скрынак двух блогераў. Другое фота ўдзельнік забіраў з сабой на памяць. Такім чынам ён выбіраў, з кім бы хацеў паехаць у аўтаквэст. 

Кожная фотабудка забрэндзіравана хэштэгам фестывалю, лагатыпам А-100, а таксама інфармацыяй аб фестывалі.


Тэлевядучая і блогер Марына Кандрацьева і музыка, лідар гурту «Дразды» Віталь Карпанаў абралі спадарожнікаў для аўтаквэсту з ліку тых, хто ўкінуў сваё фота ў іх скрынку. 

 Марына Кандрацьева – шэф-рэдактар аўтамабільнай праграмы «Каробка перадач» на «Беларусь-1», вядучая на «Беларусь-1», блогер. Падчас прамога эфіру актыўна камунікавала з гледачамі, ініцыіравала абмеркаванні ў каментарыях, распавядала цікавыя факты пра Беларусь.

Віталь Карпанаў – музыка, лідар гурту «Дразды», вядучы. Мае вялікі досвед працы ў забаўляльным фармаце. Падчас прамога эфіру весяліў гледачоў, нагадваў пра квэст і заданні, чым дапамагаў карыстальнікам, якія толькі што падключыліся да трансляцыі. 

10 красавіка: аўтаквэст з блогерамі ў прамым эфіры

Треці этап – кульмінацыя фестывалю – прайшоў 10 красавіка. Марына Кандрацьева і Віталь Карпанаў адправіліся падарожнічаць па незвычайным маршруце.

Для кожнага экіпажа быў распрацаваны свой маршрут с пэўнымі заданнямі ў кожным пункце, якія падкрэслівалі ўнікальность абранага месца. Каманды раз'ехаліся з заправак АЗС А-100 у розныя бакі, але такім чынам, што іх маршуты ў выніку склалі вызначаны gps-малюнак на мапе Беларусі. 


Усё падарожжа трансліравалася ў сацсеткі АЗС А-100 без мантажу. Экран у сацсетках падзяляўся на 2 паловы, на якія папераменна выводзіўся найбольш цікавы на дадзены момант экіпаж альбо заданні квэсту. 


Сачыць за аўтаквэстам, даваць падказкі блогерам і ўгадваць малюнак у прамым эфіры мог любы жадаючы ў сацсетках А-100.

Прыклад задання экіпажаў:

Прыехаць у Смілавічы і набыць тое, чым мястэчка грэе ўсю Еўропу. 

Падказкі для экіпажа і карыстальнікаў:

1. Грэць Еўропу можна і газам, і цёплымі абдымкамі, але беларусы аддаюць перавагу натуральнай воўне.

2. Гэта прадпрыемства адзінае ў краіне выпускае такую прадукцыю. Гэта як Целяханы з лыжамі або Брэст з газавымі плітамі. Толькі ў нашым выпадку адказ ляжыць літаральна пад нагамі… Ці нават проста на іх.

3. Паспрабуйце запытацца ў мясцовых жыхароў, якой прадукцыяй іх мястэчка знакамітае на ўсю краіну. Асабліва інфармаванымі будуць жыхары вуліцы Рэспубліканскай.

4. (адказ) Заедзьце ў краму на Смілавіцкай валюшнай фабрыцы (вул. Рэспубліканская, 47) і купіце на памяць валёнкі. ☺

Лічбы:

  • Падарожжа ў прамым эфіры доўжылася 2 гадзіны 8 хвілін.
  • Трансляцыю аўтаквэсту паглядзела больш за 33 000 чалавек з усёй Беларусі. 




Падчас трансляцыі карыстальнікі маглі ўгадваць, куды накіруюцца блогеры і які малюнак з’явіцца на мапе ў фінале іх падарожжа. Адказ прымаўся ў каментарыях да трансляцыі. Тыя, хто даслаў слушны адказ, атрымалі кнігу Алеся Пашкевіча «Рух», выдадзеную пры падтрымцы АЗС А-100.

Завяршэнне фестывалю: маршрут у форме зубра

У выніку маршрут экіпажаў склаўся ў фігуру зубра – галоўнага сімвала Беларусі. «Зубр» ад А-100 стаў першым у Беларусі турыстычным маршрутам у форме жывёлы. 


GPS-малюнак уяўляе сабой небанальны маршрут даўжынёй у 368 кіламетраў. Ён разлічаны на дзённую аўтамабільную паездку і прапануе за адзін светлавы дзень пабываць на Марсе і Юпітэры, пабачыць эксперыментальны савецкі ДАТ, наведаць адзіную ў краіне фабрыку валёнак і вёску часоў ВКЛ.


Распрацоўшчыкам маршруту стаў даследчык Яўген Шапашнікаў: 

“Мы адштурхоўваліся ад незвычайных пунктаў, якія цікавы самім беларусам. Дзіўна, што месцы, нанесеныя на мапу, склаліся менавіта ў малюнак зубра. Напрыклад, дзякуючы трасе М2 у нашага зубра атрымалася ідэальная спіна, аэрапорт “Мінск-2” стаў хвастом, а гара Дзяржынская – вокам. У цэлым на мапе зараз 15 пунктаў, пра існаванне якіх ведаюць далёка не ўсе жыхары краіны, але куды цікавей было б і самім з’ездзіць, і гасцей звазіць. Напрыклад, артэфакт з музея ў Раўбічах – самы папулярны архітэктурны экспанат у замежнай прэсе: матэрыялы пра берасцяную чашу з задыякальным колам пастаянна публікуюць навуковыя часопісы ЗША і Еўропы”, – распавядае Яўген Шапашнікаў. 

Па словах распрацоўшчыка маршруту, у яго можна дадаваць і іншыя пункты, рухаючыся па мапе, форма зубра ад гэтага не зменіцца, а падарожжа атрымаецца яшчэ больш займальным. На GPS-малюнку маршруту кожны пункт дапоўнены цікавым каментарыем, дзякуючы чаму падарожжа вакол Мінска пераўтвараецца ў паўнавартасную экскурсію.

Вынікі:

  • 340 000 – Ахоп мэтавай аўдыторыі ў сацыяльных сетках
  • 3 000 – Лічба праглядаў мапаў на сайце А-100
  • 2 000 – Колькасць рэакцый на пасты ў сацсетках АЗС А-100 і блогераў
  • Больш за 20 – Колькасць матэрыялаў у СМІ
  • Больш за 30 000 – Ахоп у СМІ

Кліент:

Вольга Цішкевіч, кіраўнік аддзела маркетынгу сеткі АЗС А-100

Агенцтва:

Крэатыўная распрацоўка і реалізацыя – getbob digital agency
Дзмітрый Бутэр – кіраўнік крэатыўнай групы
Юлія Гуцулюк, Вікторыя Курункова – менеджары
Таццяна Кісель – асістэнт менеджара
Настасся Атрашкова, Надзея Дубоўская – капірайтары
Ірына Васюцінская – дызайнер


Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: