Калейдаскоп Строчыцаў: новае аблічча музея ад кампаніі PRAS

Поделиться

Адзіны ў Беларусі музей-скансэн — этнаграфічны комплекс, які пачынаецца з нябёсаў, дрэваў, пагоркаў і працягваецца ў драўляных пабудовах, спявае пра простае, але глыбокае. Разам з працаўнікамі музея мы доўга разважалі пра тое, як можна нясумна, годна, выразна аздобіць жыццё мясцінаў, што захоўваюць народную архітэктуру і ажыўляюць колішнюю завядзёнку беларускага побыту. У выніку нашыя дызайнеры стварылі цікавую гісторыю для вачэй і расчынілі шырокую прастору для ўспрыняцця, сама менш — на 2018 год: цягам гэтага часу музейныя рэчы будуць афармляцца ў распрацаваным кампаніяй PRAS стылі.

Ідэя

Канцэпцыя выбудавалася вакол наступнага:

— Строчыцы — гэта разнастайнасць — імпрэзаў, калекцыяў, асобаў;

— усе падзеі адбываюцца ў мясцовым ландшафце і неадымна з ім звязаныя;

— экспазіцыя спалучае драўлянае дойлідства, прадметы побыту, творы народнага мастацтва.

Асноўным матывам для ўвасаблення ідэі мы абралі калейдаскоп. Трапляючы ў музей або беручы ўдзел у святкаваннях, вы бачыце, якія цуды адлюстраванняў і повязяў хавае свет традыцыйнае культуры, які цікавы малюнак фармуе паяднанне сэнсаў, што былі ў аснове побыту нашых продкаў.  

Рэалізацыя

У новым стылі мы аздобілі стэнды для імпрэзаў, нататнікі, буклет з раскладам падзеяў на год і шэраг адмысловых календароў.

У фоне стэндаў геаметрыя арнаменту судакранаецца з абрысамі хатаў, верхавінкамі бажніцаў, сімвалічным выяўленнем раслінаў. Вандруючы вачыма па контуравых лініях, вы рухаецеся ад ткацкага ўзору і праз крылы млына, што загортвае вецер у аблокі, трапляеце на падваконне вясковае хаты.

01-roll-up.jpg

На вокладку нататніка мы паклалі малюнак тканае посцілкі: адну з асноўных частак экспазіцыі Строчыцаў складае гэтак званая мяккая этнаграфія — ткацкія вырабы розных рэгіёнаў краіны. Паўзверх ніткаю віюцца абрысы сімвалаў скансэна — царквы і дрэваў.

02-notepad.jpg

Вокладкаю буклета зноўку кружляе строчыцкі вятрак. Калейдаскапічныя трохкутнікі ўтварае выява ручкі млына: адныя з дзвярэй у ціхі беларускі космас адчыняюцца тут, сярод пагоркаў музея.

03-brochure.jpg

Пра арганічнае спалучэнне створанага прыродаю і чалавекам у каардынатах традыцыйнае культуры нагадвае і кішэнны каляндарык: у люстэрках калейдаскопа шматкроць адбіваюцца сагрэтая сонцам дранка і папараць. На іх апускаюцца абрысы дахаў, шпакоўняў і раслінаў.  Падобным чынам гучыць і каляндар-дом: па вытканых кветках тонкую лінію крэсляць абрысы бажніцы.

04-calendar.jpg

Замоўца: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

Выканаўца: кампанія PRAS

Тэрмін рэалізацыі праекта: 2017 год

Узнагароды: ІІІ месца на фестывалі “Белы квадрат”



Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: