Календар Банка БелВЭБ “Брама навук і мастацтваў нязнаных” на 2014 год

26 Декабря 2013 Marketing.by 3349 0 Дизайн
Поделиться

ААТ «Банк БелВЭБ» прэзентаваў каляндар на 2014 год пад назвай “Брама навук і мастацтваў нязнаных”. Осноўная тэма праекта ‑ Культурны ўплыў Беларусі на Расію ў ХУІ-ХУІІІ стагоддзях.

Ідэя:

У ХУІ – ХУІІІ стст. Беларусь зведала ў сваёй гісторыі Рэнесанс і Рэфармацыю, што акрэслілі далейшы рух еўрапейскай цывілізацыі. Якраз Беларусь служыла для Расіі своеасабліваю брамай у Еўропу, адкуль прыходзілі перадавыя ідэі, прагрэсіўныя тэхналогіі, новыя віды мастацтва. Істотна паўплываў на расійскае заканадаўства Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. – самы перадавы кодэкс таго часу.

Наступнікі ўсходнеславянскага першадрукара Францішка Скарыны беларусы Іван Фёдараў (Федаровіч) і Пётр Мсціславец заснавалі ў Масковіі кнігавыдавецкую справу.

Сапраўдную рэвалюцыю ў расійскай культуры здзейсніў, перасяліўшыся ў Маскву, беларускі асветнік прадстаўнік эпохі барока Сімяон Полацкі. Ён стаў першым у Расіі прафесійным пісьменнікам, заснаваў незалежную ад царкоўнай цэнзуры друкарню, адчыніў першы ў Расійскай дзяржаве тэатр, склаў праект першай вышэйшай навучальнай установы, паводле якога стваралася маскоўская Славяна-грэка-лацінская акадэмія.

Нашыя продкі прынеслі суседзям аб’ёмную барочную разьбу, тым самым запачаткаваўшы ў Расіі развіццё скульптуры. Беларускую разьбу, што ўпрыгожыла многія храмы і палацы, сучасныя расійскія мастацтвазнаўцы характарызуюць як “найвышэйшую ступень дасканаласці”.

Кафляры з Копысі, Шклова, Мсціслава, Віцебска, Полацка, Вільні, працягваючы развіваць свае мастацкія традыцыі на новай глебе, разгарнулі ў Масковіі вытворчасць шматкаляровай рэльефнай кафлі. Дзякуючы таленту Ігната Максімава, Сцяпана Палубеса, Пятра Заборскага і дзясяткаў іншых майстроў атрымалі ўнікальнае аздабленне Уваскрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры, церамны палац Крамля, Пакроўскі сабор у Ізмайлаве, царква Успення ў Ганчарах...

Беларусы збудавалі і аздобілі архітэктурны шэдэўр ХУІІ ст. -- Каломенскі палац, які ў Маскве называлі восьмым цудам свету.

68 беларусаў пералічаныя ў спісах Збраёвай палаты. Збройнікі з суседняй дзяржавы здаўна цаніліся ў Маскве вельмі высока. Яшчэ ў 1586 г. беларус з паходжання Андрэй Чохаў (Чэхаў) адліў там славутую “Цар-гармату”.

Нашы суайчыннікі не толькі працавалі ў сферы матэрыяльнай культуры, але і дабратворна ўздзейнічалі на духоўнае жыццё Расіі. Беларусы-літвіны выдавалі кнігі ў “друкарскім заводзе”, вывезеным з Куцейны пад Воршай у Іверскі манастыр на Валдаі. Былыя жыхары Вялікага Княства Літоўскага выступалі ў тэатральных спектаклях, служылі спевакамі і музыкамі ў крамлёўскіх палацах. Дзякуючы перакладам беларуса Епіфана Славінецкага ўсходнія суседзі змаглі пазнаёміцца з шэрагам навуковых трактатаў і ўпершыню даведаліся пра геліяцэнтрычную тэорыю Мікалая Каперніка.

Беларус Ілья Капіевіч, зрабіўшыся прыхільнікам рэформаў Пятра І, выдаў для Расіі цэлую бібліятэку падручнікаў, а таксама ўдзельнічаў у распрацоўцы так званага грамадзянскага кірылічнага шрыфту, што называлі “беларускай азбукай”. Менавіта гэты шрыфт стаў пазней асноваю сістэмы пісьма ўсіх народаў, якія карыстаюцца кірыліцай.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі нашы землі былі далучаныя да царскай імперыі, расійская знаць, жадаючы даць дзецям прыстойную адукацыю, часта выпраўляла іх вучыццца ў Беларусь. У самым аўтарытэтным на той час Полацкім калегіюме, да прыкладу, пачаў шлях да славы знакаміты расійскі скульптар і медальер Фёдар Талстой.

Шматвяковыя плённыя кантакты Беларусі і Расіі ў мінулым – надзейны падмурак для раўнапраўнага супрацоўніцтва культур дзвюх дзяржаваў сёння..

Над праектам працавалі:

Укладанне, тэкст – Уладзімір Арлоў.

Падбор ілюстрацый – Зміцер Герасімовіч.

Фота –  Георгій  Ліхтаровіч.

Дызайн i вёрстка – РА «ПінГвін».

 

    

 

     

  

   

 

 

 

   

   

 

 

 

 

   

 

 

   

  

     

    

   

 

 

 

 

     

Матэрыялы па тэме

«Банк БелВЭБ» прэзентаваў каляндар на 2013 год «Жывая гісторыя. Падарыць другое жыццё»

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: